Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гісторыя на Свабодзе». Як узьнік і як загінуў беларускі нацыянальны рух у міжваеннай Латвіі?


Фотакаляж. Зьлева направа: Кастусь Езавітаў, Мікола Дзямідаў, Уладзімер Пігулеўскі, Юры Грыбоўскі.
Фотакаляж. Зьлева направа: Кастусь Езавітаў, Мікола Дзямідаў, Уладзімер Пігулеўскі, Юры Грыбоўскі.

Што сабой уяўляла беларуская нацыянальная меншасьць у Латвіі ў міжваенны пэрыяд? Як ёй удалося стварыць сваё школьніцтва, выдавецтвы, прэсу, тэатар і навуковыя таварыствы? І як той рух загінуў? Пра гэта і пра іншае мы гаворым зь беларуска-польскім гісторыкам, прафэсарам Варшаўскага ўнівэрсытэту, аўтарам кнігі «Беларусы ў Латвіі (1918–1945)» Юрыем Грыбоўскім.

0:00 — ці быў у Латвіі беларускі нацыянальны рух да 1918 году

2:04 — як складаліся дачыненьні паміж беларускімі і латыскімі палітыкамі ў часы БНР

6:37 — ці былі тэрытарыяльныя спрэчкі паміж маладой латыскай дзяржавай і БНР

9:22 — што сабой уяўляла беларуская нацыянальная меншасьць у міжваеннай Латвіі колькасна, якасна і геаграфічна

13:32 — якія этапы перажыла беларуская нацыянальная меншасьць у міжваеннай Латвіі

19:33 — асноўныя арганізацыі і асноўныя дзеячы беларускага руху ў Латвіі

25:14 — як жылося беларусам Латвіі пасьля перавароту Улманіса ў 1934 годзе

29:58 — як жылося беларусам Латвіі пад савецкай акупацыяй у 1940 годзе

Фрагмэнт размовы Сяргея Абламейкі зь Юрыем Грыбоўскім:

— Ці былі тэрытарыяльныя спрэчкі паміж маладой латыскай дзяржавай і БНР?

— Безумоўна, іх не магло ня быць — такіх палітычных разыходжаньняў. Беларускія і латыскія палітыкі разглядалі сябе ў якасьці хаўрусьнікаў, але гэта ня значыць, што не было ніякіх спрэчных момантаў паміж імі. І адным зь іх была якраз мяжа — будучая мяжа паміж Беларускай Народнай Рэспублікай і Латвійскай Рэспублікай.

Для таго каб вырашыць усе спрэчныя моманты, была нават створаная камісія ў справе вызначэньня мяжы. У яе склад увайшлі Кастусь Езавітаў і іншыя дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі і прадстаўнікі ўрадавых колаў Латвіі. Але далей за дэклярацыі і падрыхтоўку ўступных дакумэнтаў дзейнасьць гэтай камісіі не пайшла.

Чаму так адбылося? Таму што латышы цудоўна разумелі, што Беларусь яшчэ змагаецца за сваю незалежнасьць, што БНР яшчэ не адбылася як дзяржава, і невядома было, што будзе далей. Уявіце сабе: фронт прасоўваўся з усходу на захад, і Беларусь была арэнай баявых дзеяньняў паміж Польшчай і Савецкай Расеяй. Гэтая палітычная нявызначанасьць і паўплывала на латвійска-беларускія перамовы адносна мяжы, бо латышы не сьпяшаліся абмяркоўваць мяжу зь беларусамі.

Езавітаў некалькі разоў рабіў спробы дамагчыся ад латвійскага боку згоды на адкрыцьцё прадстаўніцтваў БНР на Дзьвіншчыне або Люцыншчыне ў Латгаліі, але ўлады Латвіі такога дазволу не далі.

— Тыя падзеі скончыліся Вэрсальскай мірнай канфэрэнцыяй і Рыскім мірам. Пасьля 1921 году пачалося мірнае жыцьцё. Што сабой уяўляла беларуская нацыянальная меншасьць у Латвіі колькасна, якасна і геаграфічна? Як там было з ідэнтычнасьцю?

— Паводле гісторыі беларусаў міжваеннай Латвіі можна падзяліць на дзьве групы. Першая — гэта тыя, хто прыехаў у Латвію напрыканцы ХІХ стагодзьдзя або на пачатку ХХ-га. Гэта былі работнікі, пераважна жыхары Віцебшчыны і Полаччыны, бо ім было блізка да Латвіі.

Таксама нагадаю, што да рэвалюцыі частка сёньняшняй Латвіі знаходзілася ў складзе Віцебскай губэрні, што аблягчала ўнутраную працоўную міграцыю. Таму значная частка беларусаў з увагі на матэрыяльныя ўмовы апынулася ў Латвіі яшчэ на мяжы ХІХ і ХХ стагодзьдзяў. І калі Латвія атрымала незалежнасьць у 1918 годзе, яны там і засталіся.

Таксама былі настаўнікі, якіх службова разьмеркавалі ў Латвію, дзе яны таксама засталіся назаўсёды.

А вось другую групу беларусаў у Латвіі складалі аўтахтоны — гэта карэннае насельніцтва Латвіі, якое ніадкуль не прыяжджала і нікуды не зьяжджала. Гэта былі жыхары паўночна-ўсходняй Латвіі — Латгаліі, адной з гістарычных правінцый.

Беларускамоўная супольнасьць, пераважна сялянская, мела выразна латгальскі ці латыскі радавод. Гэта былі нашчадкі тых латгалаў ці латышоў, якія на працягу гісторыі асыміляваліся, славянізаваліся, у моўным сэнсе — беларусізаваліся, але іх нацыянальная ідэнтычнасьць яшчэ на той час (1920–1930-я гады) была на стадыі фармаваньня.

Пра гэта яскрава сьведчаць вынікі ўсеагульных перапісаў, якія ў Латвіі адбываліся адзін раз на пяць гадоў. У 1920 годзе было налічана 75 000 беларусаў, а ў 1935 годзе — толькі 26 000. Пры гэтым не было ніякай міграцыі, ніякай высокай сьмяротнасьці ці эпідэмій. Проста тыя самыя людзі пад уплывам розных чыньнікаў, найперш палітычных, але таксама і сацыяльных, дэкляравалі рознае нацыянальнае паходжаньне.

У 1920 годзе яны лічылі сябе беларусамі ці іх запісалі беларусамі. А пасьля яны маглі называць сябе палякамі, латышамі ці латгальцамі. І гэтая дынаміка якраз добра праявілася падчас перапісаў насельніцтва Латвіі.

Паводле рэлігійнага складу гэта былі каталікі і праваслаўныя, была там і нязначная частка латгальскіх старавераў, якія пэўны час дэкляравалі сваё беларускае паходжаньне. А паводле сацыяльнага складу гэта былі сяляне, прычым пераважна беднае, незаможнае сялянства. Беларусы былі адной з самых незаможных нацыянальных груп у міжваеннай Латвіі. А за гэтым ішоў, адпаведна, і вельмі вялікі адсотак непісьменных. І якраз непісьменнасьць стварала дадатковую ўмову для іх асыміляцыі. Бо непісьменны чалавек схільны паддавацца ўплыву нейкіх вонкавых сілаў.

— У кнізе вы пішаце, што беларускі нацыянальны рух у Латвіі перажыў некалькі этапаў. Што гэта за этапы і з чым яны зьвязаныя?

— Я зьвязваю іх са зьменамі грамадзка-палітычнай сытуацыі ў Латвіі.

Да 1934 году Латвія была дэмакратычнай краінай. І, больш за тое, гэта была краіна, якая вельмі прыхільна ставілася да сваіх нацыянальных меншасьцяў. На мапе тагачаснай Эўропы складана знайсьці краіну, якая б мела такое лібэральнае заканадаўства ў дачыненьні да нацыянальных меншасьцяў.

Прадстаўнікі гэтых меншасьцяў, у тым ліку беларусы, мелі вельмі вялікія магчымасьці для разьвіцьця сваёй ідэнтычнасьці і культуры, у першую чаргу асьветы.

У 1919 годзе, напрыклад, быў прыняты закон аб школьніцтве, які прадугледжваў стварэньне культурна-асьветных аўтаномій для нацыянальных мяншыняў. І такія аўтаноміі сапраўды існавалі, гэта не была фікцыя. Існавалі аўтаноміі, напрыклад, нямецкая, габрэйская, расейская, польская і нават літоўская, нягледзячы на тое, што літоўцаў у краіне была адносна няшмат.

Ну і, адпаведна, існавала беларуская аўтаномія, якая была створаная ў 1921 годзе. Менавіта тады ў складзе Міністэрства асьветы Латвіі быў заснаваны беларускі школьны аддзел, які займаўся стварэньнем беларускіх школ і наглядам за іх дзейнасьцю. Было створана больш за 50 пачатковых школ і чатыры сярэднія школы — гімназіі, найбольш вядомай зь якіх была беларуская гімназія ў Дзьвінску (цяперашнім Даўгаўпілсе).

Вось той пэрыяд парлямэнцкай дэмакратыі быў пэрыядам уздыму беларускага нацыянальнага руху ў Латвіі і беларускай культурна-нацыянальнай аўтаноміі ў межах латвійскай дзяржавы. Гэты пэрыяд вызначаўся значнай падтрымкай з боку латвійскай дзяржавы зь дзьвюх прычынаў.

Па-першае, сама па сабе дзяржава была дэмакратычнаю і мела вельмі лібэральнае заканадаўства.

І была другая прычына, дзеля якой беларускі рух мог разьлічваць на адносную прыхільнасьць і дапамогу з боку Латвійскай дзяржавы. Справа ў тым, што беларускія нацыянальныя дзеячы ў Латвіі знаходзіліся ў стане канфлікту з польскімі і расейскімі дзеячамі. А менавіта расейскі і польскі рухі разглядаліся латвійскай дзяржавай як небясьпечныя, якія могуць несьці патэнцыйную небясьпеку для тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны ў будучыні. Таму латышы хацелі мець дачыненьне зь беларускім нацыянальным рухам і хацелі мець яго як супрацьвагу для мясцовых польскіх і расейскіх арганізацый. Дзякуючы беларусам можна было неяк запавольваць і кантраляваць тыя рухі. А беларусы, у сваю чаргу, вялікай пагрозы ў тых рухах ня бачылі.

Быў, праўда, адзін непрыемны эпізод, зьвязаны зь беларускім працэсам 1924 году, калі практычна ўсе кіраўнікі беларускага руху ў Латвіі былі абвінавачаныя ў сэпаратызьме і апынуліся на лаве падсудных. Сьледзтва доўжылася год, але суд скончыўся апраўдальным выракам.

Ну, а другі этап у існаваньні беларускага руху і арганізацый у міжваеннай Латвіі пачаўся пасьля 1934 году, пасьля таго як да ўлады прыйшоў Карліс Улманіс і ў краіне быў усталяваны аўтарытарны рэжым, які пачаў наступ на ўсе нацыянальныя меншасьці. Тады ўжо былі ліквідаваныя нацыянальна-культурныя аўтаноміі, у тым ліку беларуская — былі ліквідаваныя школы, гімназіі, адбылася дэлегалізацыя беларускіх арганізацый грамадзка-палітычнага і культурніцкага характару пры абвінавачаньнях у тым, што яны займаліся палітыкай. Так што беларускі рух пасьля 1934 году дзейнічаў у вельмі цяжкіх абставінах, але ўсё ж дзейнічаў далей. Нельга сказаць, што яго не было.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:

Наўпроставы лінк

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG