Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна і Польшча падпісалі дамову аб бясьпецы


Дональд Тускі і Уладзімір Зяленскі. Архіўнае фота
Дональд Тускі і Уладзімір Зяленскі. Архіўнае фота

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 8 ліпеня наведвае Варшаву з афіцыйным візытам, дзе ён падпісаў пагадненьне аб бясьпецы паміж Украінай і Польшчай.

8 ліпеня Украіна і Польшча падпісалі двухбаковую дамову аб супрацоўніцтве ў галіне бясьпекі. Падпісаньне дамовы адбылося падчас візыту прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ў Варшаву. Дамову з польскага боку падпісаў кіраўнік польскага ўраду Дональд Туск.

Дэталі пакуль не раскрываюцца.

Пасбля сустрэчы з Тускам і сумеснай прэс-канфэрэнцыі прэзыдэнт Украіны сустрэнецца са сваім польскім калегам Анджэем Дудам.

Сайт прэзыдэнта Польшчы анансаваў сустрэчу Зяленскага і Дуды каля 15.00 па менскім часе.

Раней прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што пагадненьне аб бясьпецы паміж Польшчай і Украінай «амаль гатовае» і будзе падпісана да саміту NATO, які стартуе 9 ліпеня.

«Тэкст пагадненьня дапаўняе змест Дэкларацыі G7 аб падтрымцы Ўкраіны, заключанай у Вільні 12 ліпеня 2023 году, да якой Польшча далучылася рашэньнем прэмʼер-міністра Дональда Туска 22 студзеня 2024 году. Яго мэта — далейшае разьвіцьцё супрацоўніцтва ў галіне бясьпекі і падтрымкі Ўкраіны перад абліччам расейскай агрэсіі, а таксама падкрэсьліваньне пастаяннай падтрымкі Польшчай сяброўства Ўкраіны ў NATO і ЭЗ», — гаворыцца ў камэнтары МЗС Польшчы.

  • 27 чэрвеня Ўкраіна падпісала дамову аб бясьпецы з Эўразьвязам.
  • 13 чэрвеня аналягічны дакумэнт Украіна падпісала з ЗША.
  • Раней Украіна падпісала аналягічныя дамовы зь іншымі сваімі партнэрамі, у тым ліку зь Вялікай Брытаніяй, Нямеччынай і Францыяй.
  • Паводле зьвестак Офіса прэзыдэнта, на канец траўня Ўкраіна падпісала пагадненьні аб бясьпецы, якія прадугледжваюць вайсковую і фінансавую падтрымку больш чым на 23 мільярды даляраў.
  • Усяго Кіеў падпісаў больш за 15 пагадненьняў у галіне бясьпекі ў рамках дэклярацыі аб падтрымцы Украіны, прынятай у Вільні ў ліпені 2023 году краінамі «Групы сямі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG