Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі адмовіўся ад супярэчлівага пляну перасяленьня часткі мігрантаў у Руанду


Кейр Стармэр
Кейр Стармэр

Кейр Стармэр заявіў, што адмовіцца ад супярэчлівага пляну па дастаўцы тысяч асоб, якія шукаюць прытулку, зь Вялікай Брытаніі ў Руанду. Гэта першая буйная палітычная заява пасьля перамогі лейбарыстаў на выбарах.

Папярэдні ўрад, які ачольвалі кансэрватары, упершыню абвясьціў пра плян у 2022 годзе адправіць мігрантаў, якія прыбылі ў Брытанію без дазволу, ва ўсходнеафрыканскую краіну, заявіўшы, што гэта пакладзе канец тым, хто шукае прытулку, прыбываючы на невялікіх лодках.

Але ў выніку нікога не адправілі ў Руанду, як тое вызначаў плян. Прычыны — шматгадовыя юрыдычныя праблемы, піша Reuters.

На сваёй першай прэс-канфэрэнцыі пасьля таго, як стаў прэм’ер-міністрам, Кейр Стармэр заявіў, што такі падыход скасуюць, бо толькі каля 1% асобаў, якія шукаюць прытулку, маглі быць высланыя, і гэта ня будзе дзейнічаць як чыньнік стрымліваньня.

«Схема з Руандай была мёртвай, і яе пахавалі яшчэ да таго, як яна пачалася», — сказаў Стармэр.

5 ліпеня ў выніку выбараў Стармэр атрымаў адну з найбуйнейшых парлямэнцкіх большасьцяў у сучаснай брытанскай гісторыі. Гэта зрабіла яго самым уплывовым брытанскім лідэрам з часоў былога прэм’ер-міністра Тоні Блэра, але ён сутыкаецца з шэрагам праблем, у тым ліку паляпшэньнем якасьці дзяржаўных паслуг, і неабходнасьцю аднаўленьня слабой эканомікі.

Як адзначаюць журналісты, палітык даў на прэс-канфэрэнцыі шмат абяцаньняў і запэўніў, што будзе вырашаць праблемы, але безь вялікай канкрэтыкі.

У лістападзе мінулага году Вярхоўны суд Вялікай Брытаніі прызнаў «схему Руанды» незаконнай, заявіўшы, што Руанда ня можа лічыцца бясьпечнай трэцяй краінай. Такая пастанова прымусіла міністраў падпісаць новую дамову з гэтай усходнеафрыканскай краінай і прыняць новае заканадаўства. Законнасьць кроку аспрэчвалася дабрачыннымі арганізацыямі і прафсаюзамі ў судах.

Брытанскі ўрад ужо вылучыў ураду Руанды сотні мільёнаў фунтаў стэрлінгаў на стварэньне жыльля і наём дадатковых чыноўнікаў для апрацоўкі асобаў, якія шукаюць прытулку. Гэта грошы, якія Лёндан ужо ня можа вярнуць.

Стармэр заявіў, што ягоны ўрад створыць камандаваньне памежнай бясьпекі, якое аб’яднае супрацоўнікаў паліцыі, унутранай выведкі і пракуратуры для працы зь міжнароднымі агенцтвамі ў спыненьні кантрабанды людзей.

Соня Скітс, генэральная дырэктарка Freedom from Torture («Свабода ад катаваньняў»), адной са шматлікіх дабрачынных арганізацый, якія выступалі за спыненьне «схемы Руанды», вітала заяву кіраўніка Партыі лейбарыстаў.

Лейбарысты заваявалі 412 з 650 крэслаў у Палаце абшчынаў. 121 месца дасталося Кансэрватыўнай партыі, 71 здабылі Лібэральныя дэмакраты. 9 — у Шатляндзкай нацыянальнай партыі, якая выступае за незалежнасьць Шатляндыі ад Злучанага каралеўства. 7 — у ірляндзкіх нацыяналістаў з «Шын Фэйн», па 4 — ва ультраправай антыімігранцкай і ляялісцкай «Партыі рэформаў», «Зялёных» і партыі валійскіх нацыяналістаў Plaid Cymru.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG