Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ чатырох беларускіх спартоўцаў дапусьцілі да Алімпіяды ў Парыжы


Ілюстрацыйнае фота. Парыж перад Алімпійскімі гульнямі-2024
Ілюстрацыйнае фота. Парыж перад Алімпійскімі гульнямі-2024

Міжнародны алімпійскі камітэт дапусьціў яшчэ чатырох беларускіх спартоўцаў да ўдзелу ў Алімпіядзе ў Парыжы ў нэўтральным статусе.

Запрашэньні атрымалі плыўцы Аліна Змушко, Ільля Шымановіч і Анастасія Шкурдай ды тхэквандыст Георгі Гурцыеў. На сайце МАК не пазначана, ці прынялі спартоўцы запрашэньні.

Агулам МАК накіраваў запрашэньні 23 беларускім спартоўцам. Шасьцёра зь іх — Ягор Акуліч, Уладзіслаў Казлоў, Дзьмітры Зарубскі, Віялета Рэбікава і Крысьціна Сазыкіна (усе — барацьба) і тэнісістка Арына Сабаленка — адмовіліся ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях.

Раней пацьвердзілі свой удзел у Гульнях весьляры Яўген Залаты і Тацяна Клімовіч, стралкі Дар’я Чупрыс і Аляксандра Пятрова, тэнісістка Вікторыя Азаранка, Ганна Церах (шашэйныя велагонкі), Іван Літвіновіч і Віялета Бардзілоўская (скачкі на батуце), Сюзана Валадзько і Яўген Ціханцоў (цяжкая атлетыка), а таксама Абубакар Хаслаханаў (барацьба), Уладзіслаў Кравец і Юлія Трушкіна (веславаньне на каноэ).

Выглядае, што тэнісістка Вікторыя Азаранка таксама ў выніку ня будзе ўдзельнічаць у Алімпіядзе. 4 ліпеня Міжнародная фэдэрацыя тэнісу ITF апублікавала заявачныя сьпісы на адзіночны і парны розыгрышы маючай адбыцца Алімпіяды ў Парыжы — згодна зь імі, у францускай сталіцы наогул ня будзе тэнісістаў зь Беларусі, нават у нэўтральным статусе.

  • Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы 26 ліпеня — 11 жніўня 2024 году.
  • 28 лютага 2022 году, празь некалькі дзён пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, МАК заклікаў спартовыя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з Расеі і Беларусі. Гэтую рэкамэндацыю неадкладна і масава прынялі да выкананьня, у выніку чаго расейскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.
  • 25 студзеня 2023 году выканкам МАК пацьвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да Беларусі і Расеі з прычыны вайны супраць Украіны, аднак зазначыў, што ніводнаму спартоўцу нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах «толькі за яго пашпарт».
  • 28 сакавіка МАК выпусьціў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расейскія атлеты могуць спаборнічаць «у якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў» (без выкарыстаньня сьцяга, гімна і іншай сымболікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны «актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеяньняў» і ня маюць дзейных кантрактаў зь сілавымі і вайсковымі ведамствамі сваіх краін.
  • З аналягічнымі ўмовамі 8 сьнежня МАК дапусьціў індывідуальных спартоўцаў зь Беларусі і Расеі да ўдзелу ў Алімпіядзе-2024 у нэўтральным статусе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG