Аварыя адбылася 4 ліпеня апоўдні на 494-м км аўтадарогі мяжа Расеі — Гомель — Кобрын.
«Паводле папярэдніх зьвестак, 45-гадовы кіроўца [легкавога аўтамабіля] SsangYong выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе зьдзейсьніў лабавое сутыкненьне з грузавым аўтамабілем Scania пад кіраваньнем 38-гадовага берасьцейца. У выніку загінулі кіроўца легкавога аўтамабіля і тры ягоныя пасажыры (45- і 64-гадовая жанчыны, 10-гадовая дзяўчынка)», — гаворыцца ў паведамленьні.
Сьледчы камітэт удакладніў, што загінулыя — сваякі: маці кіроўцы SsangYong і ягоная жонка з дачкой.
СК завёў крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 317 Крымінальнага кодэксу (парушэньне правілаў дарожнага руху, якое прывяло па неасьцярожнасьці да сьмерці двух і больш чалавек).
30 чэрвеня на аўтадарозе мяжа РФ — Крычаў — Бабруйск — Івацэвічы 26-гадовы кіроўца Chevrolet на скрыжаваньні не прапусьціў грузавы аўтамабіль DAF, які рухаўся па галоўнай дарозе. У выніку тры пасажыры легкавога аўтамабіля загінулі, двое, у тым ліку кіроўца, шпіталізаваныя. Кіроўцу грузавіка даставілі ў шпіталь.
У 2023 годзе на дарогах Беларусі загінулі 434 чалавекі, гэта найменшая лічба за ўсю гісторыю вядзеньня ўліку, паведаміў газэце МУС «На страже» начальнік Дзяржаўтаінспэкцыі Вадзім Гаркун.
У Канцэпцыі забесьпячэньня бясьпекі дарожнага руху ў Беларусі ўказана, што за 10 гадоў (2013–2022) адбылося 37 625 ДТЗ, у якіх загінулі 6111 чалавек, больш за 39 тысяч атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасьці. У 2022-м адбылося 3186 ДТЗ, у якіх 466 чалавек загінула, 3384 атрымалі раненьні.
З 2011 па 2022 год «назіраецца паступальнае зьніжэньне паказчыкаў дарожна-транспартнай аварыйнасьці». У параўнаньні з 2011-м колькасьць ДТЗ скарацілася ў 1,8 раза, загінулых — у 2,5 раза, параненых — у 1,8.
Форум