Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядомая праграма Будслаўскага фэсту, які пачнецца 5 ліпеня


Вернікі на Будслаўскім фэсьце ў 2021 годзе
Вернікі на Будслаўскім фэсьце ў 2021 годзе

Знакаміты фэст, на які ў пешую пілігрымку штогод выпраўляюцца сотні рымска-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх вернікаў, апублікаваў сваю сёлетнюю праграму.

Сёлета Будслаўскі фэст пройдзе 5 і 6 ліпеня пад дэвізам: «Найсьвяцейшае Сэрца Езуса — супакой і паяднаньне нашае».

Падчас урачыстасьцяў у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе адбудзецца прысьвячэньне Менска-Магілёўскай мітраполіі, гэта значыць Каталіцкай царквы ў Беларусі, Найсьвяцейшаму Сэрцу Езуса, піша catholic.by. На гэтым партале плянуецца жывая трансляцыя цэлебрацый з Будслава.

Праграма фэсту:

5 ліпеня, пятніца

14:00 — 17:00 — сустрэча і прывітаньне пілігрымаў (пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзьмітры Дубовік).
18:00 — сьвятая Імша (цэлебруе каад’ютар Горадзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімер Гуляй).
20:00 — Акафіст у выкананьні хору Грэка-каталіцкай царквы.
20:30 — Марыйныя Нешпары (Меншыя Браты Капуцыны).
21.00 — Крыжовы шлях (Айцы Кармэліты Босыя).
22.00 — Моладзевая праграма «Моладзь да моладзі» (адказны за душпастырства моладзі ў Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Андрэй Бурак).
23.30 — працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай.

6 ліпеня, субота

0:00 — сьвятая Імша (цэлебруе мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі).
2:00 — адарацыя Найсьвяцейшага Сакрамэнту (каардынацыйная група настаяцеляў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасьцяў).
6:00 — Боская літургія Грэка-каталіцкай царквы (базыліка, алтар сьвятога Францішка).
7:00 — Гадзіны аб беззаганным зачацьці Найсьвяцейшай Панны Марыі.
8:00 — сьвятая Імша ў базыліцы (біскуп Горадзенскі Аляксандар Кашкевіч).
9:00 — Фацімскі ружанец (Легіён Марыі).
10:00 — тэматычныя канфэрэнцыі:
«Касьцёльныя рухі ў эвангелізацыі Беларусі» (айцец Андрэй Авен OCD);
«Інтранізацыя Найсьвяцейшага Сэрца Езуса — юбілей 125-годзьдзя» (Аліна Новікава).
11:00 — сьвятая Імша (цэлебруе Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч).
На заканчэньне — Эўхарыстычная працэсія і інтранізацыя: прысьвячэньне Менска-Магілёўскай мітраполіі Найсьвяцейшаму Сэрцу Езуса (старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі).
На працягу ўсяго фэсту будзе магчымасьць ушанаваньня вернікамі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай і малітвы перад ім.

Гісторыя Будслаўскага фэсту

Фэст, які з 1992 году ладзіцца ў Будславе, слаўны тым, што дзеля ўдзелу ў ім выходзяць пешыя пілігрымкі з розных гарадоў Беларусі. У 2018 годзе UNESCO ўключыла Будслаўскі фэст у сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Гэта адна з галоўных рэлігійных падзей ва ўсёй Беларусі.

Касьцёл у Будславе — помнік позьняга барока, яго архітэктура прызнаная ўнікальнай на землях усёй былой Рэчы Паспалітай. Абраз Будслаўскай Божай Маці — адна з самых значных каталіцкіх сьвятынь, яе шануюць як абаронцу ўсіх беларускіх каталікоў.

Перапынак у пілігрымках, у тым ліку да галоўнага санктуарыя Беларусі, у Будслаў, здарыўся ў 2020 годзе — праз каранавірус. Тады пеша рушылі толькі некалькі нешматлюдных прыватных пілігрымак, ахвотнікі арганізоўвалі сабе маршрут самі.

У 2021 годзе, калі ў будслаўскай сьвятыні згарэў дах, пілігрымкі ўсё яшчэ не аднавіліся з ранейшай сілай, ішлі ў індывідуальным фармаце, іх было няшмат. Ужо ў 2022-м яны адправіліся з розных гарадоў, як і раней. А ў 2023-м колькасьць удзельнікаў фэсту істотна зьменшылася.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG