Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васілю Быкаву 100 гадоў. Словы пасьля юбілею


Васіль Быкаў выступае на Дзень Волі. Менск, 1996
Васіль Быкаў выступае на Дзень Волі. Менск, 1996

Падзеі апошніх чатырох гадоў быццам перамясьцілі беларускага чытача быкаўскіх твораў на старонкі ягоных кніг.

Чытач адчуў сябе паўнавартасным пэрсанажам, пастаўленым перад экзыстэнцыйным выбарам, але ўжо не ў літаратуры, а ў жыцьці. Зьмяніўся і ракурс погляду на самога пісьменьніка. Хто такі сёньня Васіль Быкаў?

Сьцісла:

  • Васіль Быкаў ня быў сярод іншых «ваенным пісьменьнікам», бо ўласна пра мінулую вайну не напісаў нічога.
  • Нам яшчэ трэба будзе пераадкрыць для сябе ў Быкаве філёзафа.
  • Геній ня можа выконваць некалькі місіяў напоўніцу, інакш ён ня геній.

Пра літаратурную плынь

Па інэрцыі яго яшчэ і сёньня часам называюць «ваенным» пісьменьнікам, як лічылася ў савецкія часы, калі выйшлі першыя аповесьці Быкава. Але насамрэч «ваенным» ён ня быў ні тады, ні пасьля. Патрэба большай творчай свабоды вымагала ад яго прысутнасьці ў вызначанай уладамі і цэнзурай «абойме» пісьменьнікаў-франтавікоў, аўтараў «акопнай праўды» ці «лейтэнанцкай прозы». У «абойме» пісьменьніку можна было атрымаць пэўную абароненасьць, схавацца ад натоўпу і пісаць, у чым было адзінае магутнае пакліканьне ягонага таленту.

Пісаць пра чалавека ў экстрэмальнай сытуацыі, у якой чалавеку няма ўласнага выбару і найчасьцей няма ніякага выйсьця. Нехта іншы круціць тваім лёсам у гэтым сьвеце абсурду і несправядлівасьці. І ўся надзея — ня нейкае там сьвятло ў канцы тунэлю, а бомба, што на ўзьмежку чакае свае пары.

Быкаў — пісьменьнік-экзыстэнцыяліст, але не ў францускім, «лёгкім» варыянце, а ў чыста беларускім, максымальна «цяжкім». Як выглядае сёньня, максымальна праўдападобным, усутыч набліжаным да жыцьця.

Уласна пра мінулую вайну Васіль Быкаў нам нічога не раскажа. Ягоная вайна — адна беларуская бяда, якая можа называцца хоць Афган, хоць Чарнобыль, хоць Лукашэнка — сутнасьць ад гэтага не мяняецца, гэта заўсёды бязвыхадныя абставіны, у якія трапляе Чалавек.

Пра вытлумачэньне зьяваў

Традыцыйна Быкава называюць народным пісьменьнікам, але цяпер нехта можа і перапытаць: «Гэта як? Як Чаргінец?». Сэнсоўнай размовы не атрымаецца. Гэтаксама, як і ў выпадку з далучэньнем Быкава да савецкай або расейскай літаратуры, дзе пануе цалкам не прымальны для яго рэлятывізм, маўляў, аб’ектыўнай праўды не існуе. Знакамітая фраза пісьменьніка «За імі перамога, а за намі праўда» — ягоная вычарпальная жыцьцёвая і літаратурная пазыцыя.

У часы Ўладзімера Караткевіча і ў параўнаньні з Караткевічам пазыцыя Быкава ў нацыянальным сэнсе выглядала ня моцна выразнай. Чаму нас, маладзёнаў, так зьдзівіла, што менавіта Быкаў напісаў прадмову да двухтомніка Караткевіча (1980). Сёньня ж менавіта Быкаў — той, хто гучыць на адной ноце з павешаным Каліноўскім, расстраляным Гарэцкім, закатаваным Чорным ці зьняволенай у ГУЛАГу Геніюш. І нота гэтая — беларускія нацыянальныя інтарэсы. Яны цалкам спрафанаваныя цяперашнім рэжымам, і даведацца пра іх, што яны такое, сёньня найлепшым чынам можна менавіта з кніг Быкава.

Ня мае пацьверджаньня і ўяўны пэсымізм Быкава, бо Быкаў дае тлумачэньне жыцьцёвых зьяваў. Нам яшчэ трэба будзе пераадкрыць для сябе Быкава ў гэтым ягоным амплюа філёзафа-экзыстэнцыяліста, які простымі словамі гаворыць пра складаныя рэчы.

Калісьці ў пачатку 1980-х падчас інтэрвію я спытаўся ў яго: «Скуль бярэцца фашызм?». І ён адказаў: «З таго, што адныя ставяць сябе вышэй за іншых». Падумаўшы, зусім дакладнае тлумачэньне: расейцы — вялікі народ, а ўсе астатнія — не. Украінцы — не, беларусы ўвогуле «народзец». Але штука ў тым, што ўсе насамрэч роўныя, і, каб сьцьвердзіць сваю вялікасьць, расейцам даводзіцца сьцьвярджаць, што іншыя невялікія, нікчэмныя, даводзіцца распускаць рукі: усчынаць вайну, тэрор, рэпрэсіі. Трэба дамінаваць. Расейская мова вялікая? Але даказаць гэта ніякім аб’ектыўным чынам немагчыма, толькі праз даказваньне таго, што ўсе іншыя мовы ня вартыя быць.

Якраз гэты вытлумачальны бок творчасьці робіць быкаўскія кнігі не пэсымістычнымі, а аб’ектыўнымі.

Юбілейная нагода шмат каго падахвоціла выказацца пра пісьменьніка, у тым ліку ў нечым зьвінаваціць яго. Але творца цалкам выканаў сваю місію, прычым настолькі значную, што большае місіі і не прыдумаеш і нічым не «наросьціш», толькі папсуеш.

Пра выхаваньне дзяцей па-беларуску

Шмат водгукаў у сеціве выклікала заява, што Быкаў ня выгадаваў дзяцей па-беларуску. Але ў наш час выхаваць дзяцей па-беларуску — гэта таксама місія, ня меншая за быкаўскую пісьменьніцкую, і тут ужо мусіш выбіраць або штосьці адно, або не напоўніцу. Калісьці ў Мулявіна спыталі, чаму ён не размаўляе па-беларуску, хоць вялікую колькасьць народу сваімі песьнямі навярнуў у беларушчыну. І ён сказаў: «Бог даў мне песьню». Такая была місія ў Мулявіна. Магчыма, у геніяў па-іншаму не бывае.

Зразумела, што чалавек не нараджаецца зь місіяй, а эвалюцыянуе ў зусім ня простых сытуацыях. Хоць кажуць таксама, што лёс кожнага чалавека напісаны яшчэ да ягонага нараджэньня. І геніем становіцца той, хто правільна разгадаў свой квэст. Думаю, гэта пра Быкава. Які сваімі дакладнымі тлумачэньнямі разгадаў ня толькі ўласны лёс, але і лёс беларускага народу.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG