У 2023 годзе грамадзянства РФ атрымалі ўдвая менш людзей, чым у даваенным 2021-м. Сярод беларусаў гэтая колькасьць зьнізілася ўтрая. Пра гэта паведамляе расейскае выданьне «Вёрстка».
У 2023 годзе расейскае грамадзянства, паводле зьвестак расейскага Міністэрства ўнутраных спраў, атрымалі 378,5 тысячы чалавек. Гэта амаль удвая менш, чым у даваенным 2021 годзе. МУС тлумачыць такое падзеньне тым, што атрымальнікі пашпартоў на акупаваных тэрыторыях Украіны больш ня ўлічваюцца ў гэтай статыстыцы.
Як адзначае «Вёрстка», у першым паўгодзьдзі 2023 году ў параўнаньні зь першым паўгодзьдзем 2021 году рэзка скарацілася колькасьць беларусаў, якія атрымалі расейскае грамадзянства — амаль у тры разы, да 4,6 тысячы чалавек.
Сярод выхадцаў з Казахстану зафіксаванае зьніжэньне ахвотных атрымаць расейскае грамадзянства на 40% (да 13,9 тысячы), з Армэніі — на 18% (да 17,9 тысячы).
Пры гэтым у першым паўгодзьдзі 2023 году (у параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2021 году) колькасьць ураджэнцаў Таджыкістану, якія атрымалі расейскі пашпарт, вырасла на 100% (да 87 тысячаў), ураджэнцаў Кіргізстану — на 25% (да 10,5 тысячы).
Форум