У расейскім Екацерынбурзе ў сераду, 26 чэрвеня, пачаўся закрыты працэс над карэспандэнтам газэты The Wall Street Jounal, якога пракуратура Расеі абвінаваціла ў тым, што інфармацыя, якую ён зьбіраў для сваіх рэпартажаў, была сакрэтнай.
Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Мэтʼю Мілер назваў працэс над Гершковічам «спэктаклем, учыненым расейскімі ўладамі, каб апраўдаць рэпрэсіі супраць журналістаў і незалежных галасоў».
«Я магу засьведчыць Эвану, Полу і іх семʼям, што Злучаныя Штаты не супакояцца, пакуль мы не вернем іх абодвух дадому», — сказаў Мэтʼю Мілер, якога цытуе «Голас Амэрыкі».
Ён дадаў, што гэта датычыцца і іншага амэрыканца, былога марскога пяхотніка, арыштаванага ў Маскве ў 2018 годзе і прыгаворанага да 16 гадоў пазбаўленьня волі праз абвінавачаньне ў шпіянажы ў 2020 годзе, і ўсіх астатніх амэрыканскіх грамадзян, незаконна затрыманых за мяжой.
«Расея павінна перастаць выкарыстоўваць такіх асоб, як Эван Гершковіч і Пол Вілан, як разьменныя манэты. Іх абодвух трэба неадкладна звольніць», — адзначыў Мілер на брыфінгу ў сераду, 26 чэрвеня.
Ён дадаў, што прадстаўнікам пасольства ЗША ў Маскве далі кароткачасовы доступ у залю суду перад пачаткам пасяджэньня, аднак не дазволілі паразмаўляць з Гершковічам.
«Я магу засьведчыць Эвану, Полу і іх семʼям, што Злучаныя Штаты не супакояцца, пакуль мы ня вернем іх абодвух дадому», — падкрэсьліў Мілер.
Ён дадаў, што ня хоча публічна камэнтаваць перамовы наконт імавернага вызваленьня амэрыканцаў, затрыманых у Расеі:
«Мы працуем над тым, каб вярнуць Эвана і Пола дадому з таго часу, як іх затрымалі... Некалькі месяцаў таму мы выклалі важную прапанову. Мы працягваем працаваць прыватна, каб паспрабаваць іх звольніць».
Каардынатар стратэгічнай камунікацыі Савета па нацыянальнай бясьпецы ЗША Джон Кірбі заявіў, што «Расея не змагла апраўдаць падаўжэньне ўтрыманьня Эвана Гершковіча пад вартай». Ён падкрэсьліў, што Эван ніколі не працаваў на ўрад Злучаных Штатаў і не зьяўляецца шпіёнам:
«Журналістыка — гэта не злачынства і Эван не павінен быць затрыманы... Мы будзем уважліва сачыць за гэтым. І, вядома, наша пасольства ў Маскве будзе працягваць спрабаваць прысутнічаць на будучых слуханьнях... Адміністрацыя будзе працягваць рабіць усё магчымае, каб вярнуць іх дадому».
У расейскім Екацерынбурзе 26 чэрвеня пачаўся закрыты судовы працэс над карэспандэнтам амэрыканскай газеты Wall Street Journal Эванам Гершковічам, якога пракуратура Расеі абвінаваціла ў тым, што інфармацыя, якую ён зьбіраў для сваіх рэпартажаў, была тайнай.
Па вэрсіі Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі, ён зьбіраў дадзеныя аб адным з прадпрыемстваў расейскага вайскова-прамысловага комплексу, якія складаюць дзяржаўную тайну.
32-гадовы Эван Гершковіч ужо адседзеў больш за год у турме пасьля таго, як яго арыштавалі ў рэстаране Екацерынбурзе ў сакавіку 2023 году.
Ён стаў першым заходнім журналістам, арыштаваным у Расеі за шпіянаж, з часоў развалу Савецкага Саюзу.
Уладзімір Пуцін у лютым 2024 года намякаў у інтэрвію амэрыканскаму журналісту Такеру Карлсану аб жаданьні «дамаўляцца» аб звальненьні Гершковіча.
Як паведамілі ў судзе, новае паседжаньне ў справе Эвана Гершковіча, які абвінавачваецца ў Расеі ў шпіянажы, адбудзецца 13 жніўня.
Сярод іншых грамадзян ЗША, затрыманых у Расеі, ёсьць журналістка Радыё Свабода Алсу Курмашава, затрыманая летась за тое, што не зарэгістравалася як «іншаземны агент».
Курмашова мае двайное, расейскае і амэрыканскае грамадзянства, Радыё Свабода асудзіла справу супраць Курмашавай як палітычна матываваную.
Форум