Старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Павал Калавур расказаў аб зьмяненьнях у заканадаўстве, якія плянуюцца найбліжэйшым часам. Пра гэта чыноўнік расказаў у час сумеснага пасяджэньня Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі, піша БелТА.
З прамовы Калавура можна было даведацца, што 5 чэрвеня 2024 году ў Палату прадстаўнікоў унесьлі праект закону «Пра спажывецкі крэдыт (мікрапазыку)». Праектам закону ўніфікаваныя падыходы да прадастаўленьня фізычным асобам спажывецкіх крэдытаў і мікрапазык.
Закон закліканы павысіць якасьць паслуг і дадатковую абарону законных інтарэсаў беларусаў, дадаў Калавур.
«У прыватнасьці, рэдакцыя закону прадугледжвае абавязак банкаў і мікрафінансавых арганізацый па інфармаваньні пазычальніка да заключэньня дамовы аб перавышэньні паказьніка пазыковай нагрузкі, па прадастаўленьні пазычальніку, які трапіў у складаную жыцьцёвую сытуацыю, адтэрміноўкі плацяжу на тэрмін ня менш як 3 месяцы, па ўвядзеньні абмежаваньня на ўстанаўленьне працэнтаў па спажывецкай мікрапазыцы».
Акрамя таго, на фінальнай стадыі знаходзіцца работа над праектам закону «Пра лізінгавую дзейнасьць». Яго ключавыя навацыі — вызначэньне паўнамоцтваў Нацыянальнага банку адносна ўстанаўленьня дадатковых патрабаваньняў па кіраваньні рызыкамі лізінгавых арганізацый і вырашэньне другаснага лізінгу.
Да артыкулу 636 Грамадзянскага кодэксу могуць дадаць норму, якая дапускае магчымасьць заканадаўча ўстанаўліваць асаблівасьці прававога рэгуляваньня адносін у сфэры лізінгу. Гэта дасьць магчымасьць укараніць новы інструмэнт фінансавага рынку — другасны лізінг, патлумачыў старшыня праўленьня Нацбанку.
Форум