Гэта вынікае з апошняга апытаньня дасьледчай групы Russian Field.
Апытаньне праводзілася праз тэлефон з 23 траўня па 2 чэрвеня сярод 1617 рэспандэнтаў.
Галоўным праціўнікам Расеі ў патэнцыйным глябальным канфлікце 71% апытаных назвалі ЗША. Таксама ў гэты сьпіс трапілі Вялікая Брытанія (40%), Францыя (39%), Нямеччына, Польшча і краіны Балтыі. Украіну ў якасьці праціўніка ў сусьветнай вайне бачаць толькі 12%.
Пры гэтым асноўнымі саюзьнікамі Расеі ў гіпатэтычнай сусьветнай вайне апытаныя назвалі Кітай (58%), Беларусь (48%), Іран (21%) і КНДР (20%).
У перамозе Расеі або кааліцыі з удзелам Расеі ўпэўненыя 64% рэспандэнтаў. У перамозе ЗША і «калектыўнага Захаду» перакананыя 6%. Яшчэ 18% лічаць, што ніводзін з бакоў ня зможа перамагчы ў глябальным супрацьстаяньні.
Як адзначаюць сацыёлягі, аб перамозе Расеі ў сусьветнай вайне часьцей за ўсё заяўляюць расейцы без вышэйшай адукацыі, малазабясьпечаныя і жыхары малых гарадоў.
Адначасна пераважная большасьць расейцаў (76%) не падтрымліваюць ужываньне ядзернай зброі, нават калі яна спатрэбіцца для перамогі. У параўнаньні зь мінулым годам колькасьць праціўнікаў ужываньня ядзернай зброі вырасла на 2 адсоткавыя пункты. Аднак на столькі ж — да 18% — павялічылася колькасьць тых, хто лічыць выкарыстаньне ядзернай зброі дапушчальным.
Часьцей за іншых за нанясеньне ядзернага ўдару выказваюцца мужчыны, старэйшыя за 60 гадоў.
Апытаньне паказала рост даверу расейцаў да ваеннай прапаганды: год таму афіцыйнай інфармацыі верылі і ня верылі роўныя групы рэспандэнтаў (47% і 46%), але цяпер прапагандзе давяраюць 53% супраць 40% тых, хто не давярае.
Форум