Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У калёніях уводзяць кніжную цэнзуру: з турэмных бібліятэк прыбралі кнігі Оруэла і падручнікі польскай мовы


Пісьменьнік Джордж Оруэл ля мікрафона ВВС. Архіўнае фота
Пісьменьнік Джордж Оруэл ля мікрафона ВВС. Архіўнае фота

Зьявілася інфармацыя зь некалькіх крыніц пра тое, што ў месцах зьняволеньня пачалі ачыстку бібліятэк ад кніг, якія адміністрацыі палічылі небясьпечнымі.

Зьвесткі зь першай калёніі

Пра гэта, у прыватнасьці паведаміў Свабодзе былы вязень адной зь беларускіх калёній Мікалай, які вызваліўся ў 2024 годзе (імя вязьня ў мэтах ягонай бясьпекі зьмененае).

Пад забарону, паводле Мікалая, у ягонай былой калёніі падпалі раманы Джорджа Оруэла «Фэрма» і «1984», раман-антыўтопія Рэя Брэдбэры «451 градус паводле Фарынгейту», некаторыя кнігі сучасных беларускіх аўтараў, а таксама дапаможнікі ў вывучэньні некаторых замежных моваў.

«Ведаю, што з нашай бібліятэцы забралі „Фэрму“ і „1984“ Оруэла, а таксама Брэдбэры, „451 градус па Фарынгейту“. Гэтыя кнігі раней дакладна былі, але сёлета іх ня стала. І ня стала дапаможнікаў у вывучэньні польскай мовы, увогуле любых кніг па-польску.

Што зь імі зрабілі, невядома, але чалавек, які меў дачыненьне да бібліятэкі, прагаварыўся, што кнігі зьнішчылі. Можа, у кацельні спалілі, а мо са сьмецьцем вывезьлі, але іх у калёніі ўжо няма. Ім абвешчаная вайна, гэта дакладна», — расказаў Мікалай.

Паводле сьведчаньняў Мікалая, у вязьняў калёніі няма сумневу, што кнігі забралі з палітычных прычын.

«Раней можна было пачуць ад хлопцаў параўнаньне кніг Оруэла з сытуацыяй у Беларусі, што ў нас дыктатура, як у „Фэрме“ альбо ў „1984“. Ці тое, што зьнішчэньне кніг, апісанае ў „Фарынгейце“, пачыналася ў нас — з абвяшчэньня экстрэмістамі аўтараў, якіх раней прадавалі ва ўсіх крамах. І калі гэтыя кнігі зьніклі з турэмнай бібліятэкі, усім стала зразумела, чаму гэта адбылося: каб больш такіх параўнаньняў не было, каб меней гаварылі пра дыктатуру», — мяркуе суразмоўца Свабоды.

Беларускае выданьне кнігі Джорджа Оруэла 1984
Беларускае выданьне кнігі Джорджа Оруэла 1984

Па ўспамінах Мікалая, адабраньнем пэўных кніг зь бібліятэкі калёніі не абышлося.

«Сталі забіраць і тыя кнігі, якія былі на руках, у тым ліку ўзятыя на чытаньне зь бібліятэкі. Правядуць вобшук у атрадзе, знойдуць нейкую кнігу, забяруць ды яшчэ и папярэдзяць, каб больш такіх кніг не чытаў.

Хлопцы расказвалі, што гэта тычылася і некаторых беларускіх кніг, а таксама моўных падручнікаў. Асаблівая ўвага была да палітычных вязьняў. Іхныя тумбачкі і пакеты з рэчамі правяралі з надзвычайнай пільнасьцю», — згадаў Мікалай.

Зьвесткі з другой калёніі

Як вынікае з паведамленьня праваабарончага тэлеграм-каналу Mayday.Team, адміністрацыя бабруйскай калёніі № 2 часова забараніла вязьням атрымліваць з волі пасылкі, у якіх ёсьць кнігі.

«Адміністрацыя ПК-2 неафіцыйна папярэдзіла асуджаных, што прыблізна ў ліпені чакае новага загаду, які будзе рэглямэнтаваць новы парадак атрыманьня кніжных бандэроляў. Пакуль жа дадзены загад «паставіць кнігі на паўзу», — паведамляе тэлеграм канал магілёўскай «Вясны».

Што захады прынятыя і адносна кніжных бандэроляў, суразмоўца Свабоды Мікалай пацьвердзіў. Мікалай у калёніі правеў больш за 3 гады. Былы вязень патлумачыў, якая сыстэма атрыманьня кніг з волі існавала раней і якая дзейнічае цяпер.

«Раней кнігу з волі можна было атрымаць ня толькі праз бандэроль, але і проста ад сваякоў падчас спатканьня. У гэтым выпадку толькі трэба было папярэдне ўзгадніць назву з адміністрацыяй. Год таму гэтак атрымліваць кнігі забаранілі, сказалі, што ўсё мусіць праходзіць праверку цэнзараў, таму каб слалі толькі пасылкамі ці бандэролямі. Але неафіцыйна запэўнілі, каб за падручнікі не хваляваліся, іх прапусьцяць. Але сёлета сказалі, што адмяняюцца любыя кніжныя пасылкі і бандэролі. А чаму — без тлумачэньня. Мяркую, усё з той жа прычыны — каб не было іншадумства», — расказаў Мікалай.

  • Раман-антыўтопія Джорджа Оруэла «1984» прысьвечаны разбуральным для грамадзтва і асобнага чалавека наступствам таталітарызму. Лічыцца, што гэты асноўны твор аўтара напісаны на прыкладзе камуністычнага СССР і гітлераўскай Нямеччыны.
  • Праз даходлівыя літаратурныя мэтафары наступствы дыктатуры паказаныя і ў ня менш папулярным рамане Оруэла «Фэрма».
  • Кніга амэрыканскага аўтара Рэя Брэдбэры «451 градус па Фарынгейту» таксама апісвае працэсы, уласьцівыя дыктатурам, у тым ліку цэнзуру і зьнішчэньне кніг, якія ўладай вызначаныя як шкодныя. Назва кнігі адсылае да фізычнай зьявы — пры тэмпэратуры 451 градус па шкале Фарынгейта папера загараецца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG