Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каманда Латушкі і рух «За свабоду»: Рашэньне аб прыпыненьні Рэглямэнту КР прынятае. Блёк Пракоп'ева — Ягорава гэта аспрэчвае


Трыбуна Каардынацыйнай рады, архіўнае фота
Трыбуна Каардынацыйнай рады, архіўнае фота

Пра гэта сьпіс, які набраў найбольш галасоў на выбарах у Каардынацыйную раду, паведаміў у сваім тэлеграм-канале.

У паведамленьні гаворыцца: «Ад імя сьпісу „Каманда Латушкі і рух „За свабоду““ 14 чэрвеня 2024 году на галасаваньне агульнага сходу была вынесеная наступная прапанова: „Прыпыніць дзеяньне Рэглямэнту Каардынацыйнай рады Беларусі ад 2 сакавіка 2023 году“. За прыпыненьне Рэглямэнту прагаласавалм 48 дэлегатаў з 75 тых, хто прагаласаваў, — гэта абсалютная большасьць дэлегатаў».

У паведамленьні адзначаецца, што крытыкі гэта прапановы лічаць, што рашэньні адносна Рэглямэнту могуць прымацца толькі дзьвюма трацінамі галасоў. Аднак «Каманда Латушкі і рух „За свабоду“» кажа, што паводле Рэглямэнту большасьць у дзьве траціны неабходная для зацьвярджэньня і зьмены Рэглямэнту, а не для яго прыпыненьня.

«Каб пазьбегнуць эскаляцыі непатрэбнага канфлікту „Каманда Латушкі і рух „За свабоду““ прапануе прыняць рашэньне Каардынацыйнай рады „Аб часовых правілах працэдур“, які прадугледжвае стварэньне працоўнай групы па падрыхтоўцы праекту новай рэдакцыі Рэглямэнту КР і вынясеньне яго на разгляд агульнага пасяджэньня Каардынацыйнай Рады» паведамляецца ў тэлеграм-канале сьпісу.

«Каманда Латушкі і рух „За свабоду“» падтрымлівае ініцыятыву сьпісу «Моладзевы наступ», аб стварэньні працоўнай групы па распрацоўцы новай рэдакцыі Рэглямэнту.

Сьпіс «Блёк Пракоп'ева Ягорава» аспрэчыў сапраўднасьць паведамленьня «Каманды Латушкі і руху «За свабоду«» наступнай заявай у сваім тэлеграм-канале:

«Рашэньне па прыпыненьні дзейнага Рэглямэнту Каардынацыйнай рады не знайшло неабходнай падтрымкі.

У галасаваньні ўзялі ўдзел 75 дэлегатаў. «За» прагаласавала 48 дэлегатаў, што менш за 2/3 галасоў, неабходных для дзеяньняў па зьмене Рэглямэнту.

Такім чынам, Рэглямэнт КР застаецца ў сіле, і дзейныя сябры АПК павінныя да 26 чэрвеня вызначыцца, якую пасаду яны за сабой пакідаюць – у Каардынацыйнай радзе ці ў АПК».

  • Лідэр «Каманда Латушкі і рух „За свабоду“» Павал Латушка і ўдзельніца сьпісу «Эўрапейскі выбар» Аліна Коўшык ўваходзяць у склад Аб'яднанага пераходнага кабінэту (АПК) Сьвятланы Ціханоўскай. Паводле Рэглямэнту Каардынацыйнай рады, прынятага 2 сакавіка 2023 году, сяброўства ў АПК нясумяшчальнае з сяброўствам у Каардынацыйнай радзе.
  • 12 чэрвеня сьпісы «Каманды Латушкі і руху „За свабоду“», «Эўрапейскага выбару», «Волі» і «Новых беларусаў» утварылі кааліцыю ў Каардынацыйнай радзе.
  • Пазьней да кааліцыі далучыліся дэлегаты сьпісу «Хопіць баяцца». Разам 5 сьпісаў утварылі кааліцыю з 53 дэлегатаў з 80.
  • Яшчэ тры сьпісы, «Блёк Пракоп’ева — Ягорава», «Нашая справа» і «Моладзевы наступ», у кааліцыю не ўвайшлі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG