Найбуйнейшы газавы імпартэр Нямеччыны кампанія Uniper паведаміла пра скасаваньне доўгатэрміновых кантрактаў на пастаўкі газу з «Газпром Экспорт». Пра гэта гаворыцца на сайце кампаніі, піша «Настоящее время».
7 чэрвеня Стакгольмскі арбітраж прызнаў права Uniper разарваць кантракт і запатрабаваць ад «Газпрома» больш за 13 мільярдаў эўра ў якасьці кампэнсацыі за непастаўлены газ зь сярэдзіны 2022 году. Нягледзячы на мінімальныя пастаўкі газу з чэрвеня 2022 году і іх поўнае спыненьне са жніўня 2022 году, доўгатэрміновыя абавязаньні заставаліся ў сіле і маглі дзейнічаць да 2035 году.
Uniper ініцыявала арбітражны працэс супраць «Газпром Экспарт» у канцы 2022 году, сутыкнуўшыся з істотнымі стратамі праз скарачэньне, а пасьля і спыненьне паставак расейскага газу. Гэта вымусіла кампанію закупляць газ у іншых месцах па высокіх рынкавых цэнах, што прывяло да штодзённых выдаткаў у сотні мільёнаў эўра.
Як гаворыцца ў паведамленьні Uniper, кампанія пазьбегла банкруцтва дзякуючы падтрымцы ўладаў Нямеччыны і стабілізацыйнай дамове, дасягнутай у сьнежні 2022 году, калі фэдэральны ўрад стаў яе асноўным акцыянэрам.
У канцы красавіка 2024 году Ўладзімір Пуцін падпісаў указ, які дазваляе ўводзіць часовае кіраваньне расейскай маёмасьцю замежных кампаніяў, «зьвязаных» з краінамі, дзе былі заблякаваныя актывы Расеі, расейцаў або расейскіх кампаній. Першымі пад часовае кіраваньне «Росимуществу» перадалі долі дзьвюх энэргетычных кампаній — нямецкай Uniper і фінскай Fortum.
Форум