Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як украінцы з памежных вёсак працягваюць езьдзіць у Беларусь, нягледзячы на небясьпеку

абноўлена

Украінскія памежнікі на ахове дзяржаўнай мяжы зь Беларусьсю. Ілюстрацыйнае фота
Украінскія памежнікі на ахове дзяржаўнай мяжы зь Беларусьсю. Ілюстрацыйнае фота

Грамадзяне Ўкраіны, якія жывуць у памежных зь беларускай тэрыторыяй населеных пунктах, працягваюць наведваць Беларусь, нягледзячы на падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам і вайсковым кіраўніцтвам Беларусі расейскай агрэсіі супраць Украіны. Стаў вядомы яшчэ адзін выпадак.

Украінскія памежнікі ўвечары 16 траўня затрымалі чацьвярых грамадзян Украіны недалёка ад пункту пропуску «Выступовічы» ў Жытомірскай вобласьці.

Памежнікі склалі пратакол аб перасячэньні мяжы паза пунктам пропуску ў групе асобаў і накіравалі ў суддля прызначэньня пакараньня. Парушальнікам пагражаў штраф у памеры ад 8500 да 13 600 грыўняў (ад 200 да 340 даляраў у эквіваленце) або адміністрацыйны арышт на тэрмін ад 10 да 15 содняў.

Суд прызнаў віну парушальнікаў, аднак палічыў правапарушэньне малазначным і абмежаваўся вуснай заўвагай.

Як высьветлілася, усе яны жывуць за 1,5 кілямэтра ад Беларусі ў Оўруцкім раёне і ў пачатку траўня вырашылі наведаць беларускіх сваякоў. Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны межы зь Беларусьсю закрылі, таму ўкраінцы вырашылі ехаць у Беларусь праз Польшчу, а назад ужо не захацелі вяртацца такім жа шляхам — цяпер, пасьля закрыцьця некалькіх польскіх памежных пунктаў на беларускай мяжы, трэба чакаць ня менш за 14 гадзін, каб выехаць зь Беларусі ў кірунку Польшчы.

«Паехалі ў Беларусь праз Польшчу, каб наведаць сваякоў і ўшанаваць памяць родных на могілках. У мяне асабіста там жыве старэнькая маці. Магчымасьці вярнуцца назад праз Польшчу не было, бо зь Беларусі гэта складана і доўга, а здароўя не хапае, таму вырашылі перасячы беларуска-ўкраінскую мяжу ў раёне Выступовічаў, бо гэта за 1,5 кілямэтра ад нашага сяла. Калі падышлі, то пабачылі дрот і сталі чакаць памежнікаў, бо самі баяліся ісьці», — паведаміла на судовым пасяджэньні адна з затрыманых украінак [Свабода мае яе імя і прозьвішча, але ў мэтах бясьпекі іх не публікуе].

Сёлета ў траўні праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляў, што ў Беларусі за шпіянаж або выведную дзейнасьць на карысьць украінскіх спэцслужбаў затрымалі і асудзілі ня менш за 30 грамадзян Украіны. Але гэта толькі тыя выпадкі, калі праваабаронцы змаглі вэрыфікаваць гэтыя выракі.

Раней украінскія вайскоўцы паведамлялі аб стварэньні на мяжы зь Беларусьсю глыбокай абароны ў выглядзе фартыфікацый і інжынэрных загарод, а таксама замінаваньні памежнай украінскай тэрыторыі з выкарыстаньнем больш за 1,5 мільёна мінаў.

Сёлета ў сакавіку кіраўнік Жытомірскай абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Бунечка паведаміў пра ўзьвядзеньне на мяжы зь Беларусьсю дадатковых фартыфікацыйных умацаваньняў у межах будаўніцтва глыбока эшалянаванай сыстэмы абароны, якую пачалі ствараць з 2022 году.

«У цеснай супрацы з вайсковым камандаваньнем пабудавалі доўгатэрміновыя агнявыя пазыцыі з армаванага жалезабэтону, паставілі інжынэрныя загароды: супрацьтанкавыя равы, мінныя тэрыторыі, „зубы цмока“», — удакладніў кіраўнік Жытомірскай вобласьці.

  • Аляксандар Лукашэнка і вайсковае кіраўніцтва Беларусі падтрымалі расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволілі скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
  • У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
  • Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
  • Увесь час ад моманту пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG