11 чэрвеня сталі вядомыя вынікі цэнтралізаванага экзамэну (ЦЭ) па беларускай і расейскай мове, які прайшоў у Беларусі 30 траўня 2024 году, паведамляе Міністэрства адукацыі Беларусі.
У гэты дзень 55,5 тысячы выпускнікоў школ узялі ўдзел у ЦЭ па расейскай і беларускай мовах, пры гэтым 44 тысячы вучняў здавалі экзамэн па расейскай мове, 11,5 тысячы — па беларускай.
Максымальна магчымы вынік у 100 балаў па дзяржаўных мовах атрымалі 469 навучэнцаў, зь іх 292 — па расейскай мове, 177 — па беларускай мове.
Сярэдні тэставы бал па расейскай мове склаў 63,3 бала, па беларускай мове — 61,7 бала.
Усе выпускнікі справіліся з экзамэнацыйнай працай, нулявых вынікаў няма.
Тыя выпускнікі, якія не змаглі ўзяць удзел у цэнтралізаваным экзамэне ў асноўныя даты, змогуць прайсьці яго ў рэзэрвовыя дні — 21 і 23 чэрвеня.
- Так званы цэнтралізаваны экзамэн — адначасова і выпускны, і ўступны ў ВНУ, яго вынікі можна падаваць пры паступленьні. Да 2023 году выпускнікі здавалі выпускныя экзамэны ў школе, а пасьля цэнтралізаванае тэставаньне для паступленьня.
- У 2023 годзе выпускнікі ўпершыню праходзілі цэнтралізаваны экзамэн. Першапачатковы падлік балаў на ЦЭ спарадзіў скандал у сувязі з мэтодыкай падлікаў, пра якую вучняў не папярэдзілі. Выпускнікі чакалі, што падлікі будуць такія самыя, як і на рэпэтыцыйным тэставаньні, але балы атрымаліся значна ніжэйшыя: у некаторых пры двух часткова правільных адказах атрымаўся канчатковы вынік тэсту на 86 балаў са 100. Бацькі пісалі пэтыцыю за пералік вынікаў ЦЭ, езьдзілі ў рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў. У выніку стварылі спэцыяльную камісію, балы пералічылі па спрошчанай мэтодыцы, якая ўжывалася падчас рэпэтыцыйнага тэставаньня. У выніку пераліку балы вырасьлі.
- Пасьля леташняга скандалу з ЦЭ ў 2024 годзе ў Беларусі стварылі дзяржаўную камісію па кантролі за ўступнай кампаніяй.
- 8 чэрвеня сталі вядомыя вынікі ЦЭ, які 55,5 тысячы выпускнікоў школ сёлета праходзілі па 13 профільных прадметах. Максымальна магчымы вынік у 100 балаў атрымалі 636 навучэнцаў, нуль балаў па выніках экзамэнаў атрымалі 64 выпускнікі. Сярэднія балы па ўсіх 13 прадметах перавысілі адзнаку ў 50 балаў. Так, сярэдні бал па матэматыцы склаў 58,4 бала, па хіміі — 63,8; па гісторыі Беларусі — 64,2; па грамадазнаўстве — 60,9 бала.
Форум