У 2018 годзе, настойвае абвінавачаньне, Гантэр Байдэн набыў рэвальвэр, схлусіўшы ў абавязковай рэгістрацыйнай форме, што не ўжывае нелегальныя наркапрэпараты і не залежыць ад іх. Пасьля гэтага ён 11 дзён валодаў сваім пісталетам нелегальна, пастанавіла журы прысяжных.
Паводле прад’яўленых артыкулаў, 54-гадоваму Байдэну-малодшаму можа пагражаць да 25 гадоў турмы і штраф да 750 тысяч даляраў. Аднак, адзначаюць юрыдычныя экспэрты ў ЗША, праз тое, што Гантэр Байдэн раней ня быў судзімы, ён можа пазьбегнуць рэальнага зьняволеньня паводле судовай практыкі.
Судзьдзя акруговага суду штату Дэлавэр Мэрыэлен Нарэйка паведаміла, што вынясеньне прысуду можа заняць у яе да 120 дзён, паведамляе CNN. Гэта значыць, што абвяшчэньне вэрдыкту Байдэну-малодшаму можа адбыцца ў сярэдзіне кастрычніка, перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў ЗША.
Пасьля абвяшчэньня рашэньня прысяжных у будынак суду прыехала першая лэдзі ЗША Джыл Байдэн. Гантэр Байдэн, як чакаецца, выпусьціць пісьмовую заяву з камэнтаром па вынесеным рашэньні. Джо Байдэн амаль не камэнтаваў справу і не наведваў суд, баючыся, што яго могуць абвінаваціць ва ўмяшаньні ў працэс, адзначае «Голас Амэрыкі».
Рашэньне прысяжных у Дэлавэры ў справе сына 46-га прэзыдэнта вынесенае праз 1,5 тыдня пасьля таго, як у Нью-Ёрку калегія прысяжных прызнала вінаватым у крымінальным злачынстве 45-га прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.
Форум