Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У былой сеткі McDonald’s у Беларусі зьмяніўся ўладальнік. Ім стаў беларускі малочны магнат


Сетка Mak.by, якая паўстала ў Беларусі на месцы McDonald’s пасьля сыходу кампаніі ў сувязі з расейскай вайной супраць Украіны
Сетка Mak.by, якая паўстала ў Беларусі на месцы McDonald’s пасьля сыходу кампаніі ў сувязі з расейскай вайной супраць Украіны

У кампаніі «КСБ Віктары рэстараны», якая кіруе сеткай рэстаранаў «МАК.by» (былы McDonaldʼs) зьмяніўся ўладальнік. Як высьветліла «Люстэрка», цяпер яна належыць беларускаму малочнаму магнату Аляксею Саўчуку.

Уладальнік у кампаніі «КСБ Віктары рэстараны» зьмяніўся 7 чэрвеня 2024 году. Як вынікае з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў, цяпер 100% кампаніі належаць фірме «Кволіці Фуд».

«Кволіці Фуд» была зарэгістраваная 11 ліпеня 2023 году, каб займацца рэстараннай дзейнасьцю. Дырэктарам прызначаны Аляксей Варанчук, які ў 2018 годзе стаў ганаровым консулам Латвіі ў Беларусі.

90% кампаніі «Кволіці Фуд» належаць Аляксею Саўчуку, вядомаму ў Беларусі бізнэсоўцу з малочнай галіны. Астатнія 10% акцый у новай фірме атрымала Вікторыя Данько — яна, па сутнасьці, захавала ў МАК.by такую ж долю, якую мела ў былой сетцы рэстаранаў McDonaldʼs.

Аляксей Саўчук — беларускі малочны магнат. Сярод ягоных актываў значацца брэнды «Малочныя горкі», Горацкі харчовы камбінат, які выпускае вядомы напой Exponenta, Трубчэўскі малочны камбінат і іншыя.

У апошнія гады Саўчук актыўна пашырае бізнэс у Расеі. У 2022-м продажы дыстрыбутара горацкіх «Малочных горак» і «Славяны» вырасьлі ўдвая і склалі каля 200 млн даляраў, піша выданьне «Беларусы і рынак». Таксама вырасьлі пастаўкі праз Гандлёвы дом «Беллакт», дзе ён мае долю ў 49%. Бізнэсовец таксама інвэставаў у будоўлю апарт-гатэля Liberty Residence, што побач з кінатэатрам «Перамога» ў цэнтры Менску.

  • У лістападзе 2022 году стала вядома, што McDonaldʼs сыходзіць зь беларускага рынку.
  • Спачатку паведамлялі, што сетка хуткага харчаваньня працягне працаваць пад расейскім брэндам «Вкусно и точка». Кіраваць ім павінна была тая ж кампанія, што і рэстаранамі McDonaldʼs, — «КСБ Віктары Рэстараны», але гэтага не адбылося. Паводле інфармацыі СМІ, франшызу забараніў мяняць асабіста Лукашэнка. На той момант фірма належала празь іншыя юрасобы бізнэсоўцу з Казахстану Кайрату Баранбаеву і дырэктару сеткі рэстаранаў у Беларусі Вікторыі Данько.
  • 18 лістапада 2022 году Лукашэнка заявіў, што месца McDonaldʼs павінны заняць беларускія прадпрыемствы і вытворцы. З 28 лістапада рэстараны сеткі запрацавалі бяз шыльдаў, потым зьявілася часовая назва «Мы адкрытыя». Кіравала сеткай па-ранейшаму ўсё тая ж кампанія «КСБ Віктары рэстараны». Увесну 2023 году сетка атрымала назву Mak.by.
  • У 2023-м і на пачатку 2024-га Дзяржкаммаёмасьць праз суды дамагалася прыпыненьня дзейнасьці «КСБ Віктары Рэстараны» і яе кіпрскай «мамы». Чым усё скончылася, не паведамлялі — у Вярхоўным судзе гэтую справу засакрэцілі. СМІ пісалі, што Дзяржаўны камітэт па маёмасьці ў выніку адсудзіў сетку рэстаранаў Mak.by ва ўладальнікаў — кампаніі KSB VICTORY RESTAURANTS PTE.LTD, зарэгістраванай у Сынгапуры.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG