«Мы нікога не трымалі, але і не выганялі. Ім было сказана: хочаце працаваць — працуйце, ня хочаце — ідзіце. «Але гэта ж „Макдональдс“». «Хіба хтосьці зможа потым працаваць так, як „Макдональдс“ у Беларусі» — галоўны быў лёзунг. І пайшлі да мяне хадакі: «Мы ня зможам... Булачку там напалову разрэзаць і ўпіхнуць туды каўбасу або мяса ня можам, бульбачка фры — і гэта мы ня можам. Нічога ня можам», — прызнаў Лукашэнка праблемы з «імпартазамяшчэньнем» папулярнай сеткі рэстарацыяў, якія ўзьніклі на пачатковым этапе.
Паводле Лукашэнкі, ён даручыў займацца гэтым пытаньнем і кантраляваць яго сваёй прэс-сакратарцы Натальлі Эйсмант і першаму віцэ-прэм’еру Мікалаю Снапкову, а ў выніку і ён сам «быў пагружаны ў пытаньне, хоць і ні разу ня быў у «Макдональдсе».
Таксама Лукашэнка фактычна прызнаў, што сетку рэстаранаў McDonaldʼs нацыяналізавалі: «Пайшлі — да пабачэньня, уласнасьць належыць дзяржаве. Такім чынам яны кінулі ўласнасьць, мы яе паднялі, прывялі ў парадак», — заявіў ён.
Цяпер у Беларусі працуюць 25 рэстаранаў ужо былога «Макдональдса». Паводле Лукашэнкі, цяпер «зьявіўся прыватнік, які гатовы купіць іх, заплаціць грошы, і грошы немалыя», і «гатовы разьвіваць гэтую сетку». Імя бізнэсоўца ён не назваў, але дадаў, што ў плянах — разьвіцьцё сеткі ў абласных цэнтрах, для гэтага або пабудуюць новыя рэстараны, або аддадуць старыя, «якія ў нас дрэнна працуюць або ў напаўзакрытым стане».
- У лістападзе 2022 году стала вядома, што McDonaldʼs сыходзіць зь беларускага рынку.
- Спачатку паведамлялі, што сетка хуткага харчаваньня працягне працаваць пад расейскім брэндам «Вкусно и точка», але гэтага не адбылося.
- Паводле інфармацыі СМІ, франшызу забараніў мяняць асабіста Лукашэнка.
- 18 лістапада Лукашэнка заявіў, што месца McDonaldʼs павінны заняць беларускія прадпрыемствы і вытворцы.
- З 28 лістапада рэстараны сеткі запрацавалі бяз шыльдаў, потым зьявілася часовая назва «Мы адкрытыя». Кіраваць сеткай працягнула ўсё тая ж кампанія «КСБ Виктори Рестораны». Увесну 2023 году сетка атрымала назву Mak.by.
- У верасьні стала вядома, што Дзяржкаммаёмасьць патрабуе прыпыніць дзейнасьць кампаніі-ўладальніка «па заявах кантралюючых органаў».
- У выніку Дзяржаўны камітэт па маёмасьці адсудзіў сетку рэстаранаў Mak.by ва ўладальнікаў — кампаніі KSB VICTORY RESTAURANTS PTE.LTD, зарэгістраванай у Сынгапуры. Паводле зьвестак «Эўрарадыё», кошт перададзенай маёмасьці — каля $3,75 млн. Адпаведнае рашэньне прыняў Менскі эканамічны суд 10 кастрычніка.
- Апэляцыйную скаргу кампаніі ў Вярхоўным судзе разглядалі 10 студзеня. Пасяджэньне было закрытае, рашэньне суда дасюль не апублікавана ў базе дадзеных судовых пастановаў, але мяркуючы па ўсім, яго пакінулі без задавальненьня.