Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крыме абмяркоўваюць ролю расейскай мовы ў полікультурным сьвеце. Ёсьць і прадстаўнікі Беларусі


Сымпозыюм у Ялце «Расейская мова ў полікультурным сьвеце» сёлета прымеркаваны да 225-й гадавіны з дня нараджэньня Аляксандра Пушкіна. Ілюстрацыйнае фота
Сымпозыюм у Ялце «Расейская мова ў полікультурным сьвеце» сёлета прымеркаваны да 225-й гадавіны з дня нараджэньня Аляксандра Пушкіна. Ілюстрацыйнае фота

У анэксаваным Расеяй Крыме ўжо восьмы раз праходзіць міжнародны сымпозыюм «Расейская мова ў полікультурным сьвеце», які сёлета прымеркаваны да 225-й гадавіны з дня нараджэньня Аляксандра Пушкіна.

Беларусь на гэтым сымпозыюме з 2016 году прадстаўляе загадчыца катэдры сусьветных моваў Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Пятра Машэрава Ірына Зайцава.

Яна запомнілася тым, што ў 2019 годзе ўсе імпрэзы да Міжнароднага дня матчынай мовы арганізавала па-расейску і пры падтрымцы фонду «Русский мир».

Што вядома пра Зайцаву

Ірына Зайцава прыехала з Кіева ў Беларусь на працу ў 2016 годзе. Яна адразу ачоліла катэдру сусьветных моваў у Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце.

Зайцава нарадзілася ў Расеі, але большую частку свайго жыцьця жыла і працавала ў Луганску, цяпер акупаваным Расеяй.

Ірына Зайцава была сябрам Партыі рэгіёнаў, якую ачольваў колішні прэзыдэнт Віктар Януковіч. У час ягонага прэзыдэнцтва яна пераехала ў Кіеў і працавала намесьніцай міністра адукацыі і навукі (у той час міністэрствам кіраваў Дзьмітро Табачнік), а пасьля звальненьня з гэтай пасады — дырэктарам Украінскага цэнтру ацэньваньня якасьці адукацыі.

У 2014 годзе яе звольнілі, як кажуць, паводле артыкулу, — за аднаразовае грубае парушэньне працоўных абавязкаў у сфэры фінансаў. Але гэта не перашкодзіла ёй далей уладкавацца на пасаду прафэсара катэдры расейскай мовы Нацыянальнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Драгаманава.

З пэдагагічнага ўнівэрсытэту яе звольнілі ў 2016 годзе пасьля звароту да рэктара 200 прадстаўнікоў украінскай інтэлігенцыі з патрабаваньнем звольніць «агрэсіўную ўкраінафобку і карупцыянэрку». Пасьля скандальнага звальненьня яна пераехала з Кіева ў Беларусь.

Хто яшчэ ўдзельнічаў у сымпозыюме

Арганізатары сёлетняга сымпозыюму пакуль не апублікавалі дакладнай яго праграмы. Мерапрыемства штогод праходзіць у Ялце. У ім удзельнічаюць навукоўцы і выкладчыкі навучальных устаноў Расеі, а таксама з акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторый.

Летась ад Беларусі разам Ірынай Зайцавай удзельнічалі або прадставілі свае навуковыя даклады:

  • дацэнт катэдры дашкольнай і пачатковай адукацыі Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Аксана Даніч з дакладам «Міжпрадметны навучальны слоўнік як сродак лінгвакультурнай пісьменнасьці малодшых школьнікаў»;
  • Аляксандар Госьцеў з Горадні з дакладам «Беларускія карані Аляксандра Грына: міты і сапраўднасьць»;
  • Ксенія Давыдзенка з Горадні з дакладам «Асоль і Яўгеній у антрапалягічным мастацкім вымярэньні расейскім Ідэалам Чалавека і Часам»;
  • дацэнт Віцебскага філіялу Міжнароднага ўнівэрсытэту «МИТСО» Аляксандар Дзядзінкін з дакладам «Лінгвапсыхалягічны партрэт экстрэміста: праблемы мадэляваньня»;
  • выкладчыца Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Тацяна Мельнікава і дацэнтка Вайсковай акадэміі Беларусі Сьвятлана Харанека з супольным дакладам «Аспэкты лінгвістычнага і літаратуразнаўчага аналізу мастацкага тэксту на службе ў выкладчыка расейскай мовы як замежнай у мэдычнай вышэйшай навучальнай установе»;
  • выкладчыца Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Аксана Міласьцівая з дакладам «Асаблівасьці вывучэньня расейскага склонавага кіраваньня»;
  • прафэсар Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Валянціна Маслова з дакладам «Вялікае расейскае слова як духоўная каштоўнасьць і духоўная аснова сьвету»;
  • дацэнт Горадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Сьвятлана Антонава з дакладам «Фэстывальны адукацыйны дыскурс і наратыў у сыстэме каардынатаў і кагнітыўны фокус фармаваньня расейскай рытарычнай асобы славесьніка і яе моўнай сьвядомасьці»;
  • Ірына Зайцава прадставіла даклад на тэму «Алена Рэмчукова (расейская дасьледніца, памерла ў 2023 годзе. — РС) аб эстэтычнай функцыі мовы ў мастацкай мове і за яе межамі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG