Менскі гарадзкі суд 18 чэрвеня разгледзіць пазоў Міністэрства юстыцыі з патрабаваньнем зьліквідаваць Беларускае грамадзкае аб’яднаньне татараў «Зікр уль-Кітаб». Пра гэта сьведчыць расклад на партале электроннага судаводзтва, на які спасылаецца агенцтва «Позірк».
Судзьдзя Алена Сямак пачне працэс, а 10-й гадзіне.
Паводле зьвестак Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, арганізацыя зарэгістраваная 5 ліпеня 1993 году. Да 2000-га насіла назву Беларускае грамадзка-культурнае аб’яднаньне татараў-мусульман «Аль-Кітаб». Разам з Мусульманскім рэлігійным аб’яднаньнем у Рэспубліцы Беларусь яно садзейнічае будаўніцтву і аднаўленьню мячэтаў, культурных цэнтраў, школаў, музэяў, бібліятэк.
Старшынёй «Зікр уль-Кітаб» зьяўляецца муфтый Абу-Бекір Шабановіч, які з 2005 года ўзначальвае Мусульманскае рэлігійнае аб’яднаньне. Шабановіч удзельнічае ў шматлікіх праўладных акцыях, дзяржаўныя мэдыя прадстаўляюць яго лідэрам беларускіх мусульман. У 2017 годзе Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў яго прэміяй «За духоўнае адраджэньне».
Каля вытокаў «Зікр уль-Кітаб» і I Ўсебеларускага зьезду мусульман, на падставе рашэньня якога ў 1994 годзе было створанае Мусульманскае рэлігійнае аб’яднаньне, стаяў адзін зь лідэраў татарскай дыяспары, вядомы гісторык Ібрагім Канапацкі, які пайшоў з жыцьця ў 2005 годзе.
З 1991 па 2002 гг. аб’яднаньне выпускала штоквартальны часопіс «Байрам» на беларускай мове. Архіў выданьня можна знайсьці ў сеціве. Там публікаваліся матэрыялы пра гісторыю татараў на Беларусі, матэрыялы па чытаньні кітабаў і іншыя артыкулы і ўнікальныя здымкі.
Форум