Дасьледаваньне сярод беларусаў, якія жывуць у Літве, прадстаўляў прафэсар, доктар сацыялёгіі Андрэй Вардамацкі; дасьледаваньне «Інфармацыйныя коканы — унутры Беларусі і за яе межамі» — кіраўніца БАМ Марына Гуляева.
Ніжэй — асноўныя тэзы абодвух выступаў
Андрэй Вардамацкі:
- Нядаўнія падзеі на беларуска-літоўскай мяжы актуалізавалі праблему становішча беларусаў у Літве.
- Фокус-групы сярод беларусаў Літвы праводзіліся ў сакавіку 2024 году.
- У групах былі прадстаўленыя як людзі, якія эмігравалі з палітычных прычынаў, гэтак і тыя, чый матыў быў эканамічны.
- Усе рэспандэнты зьехалі пасьля 2020 году.
- Абагульняючая формула іх стаўленьня да краіны знаходжаньня — паміж удзячнасьцю і дыскамфортам.
- У Літве доля эмігрантаў зь Беларусі адносна тытульнага насельніцтва — 2,2%, у Польшчы — 0,8%. Часткова гэтым тлумачацца тыя напружаньні, якія ўзьніклі ў Літве.
- Першае, пра што гаварылі рэспандэнты, — гэта ўдзячнасьць.
- На фокус-групах прагучала спэцыфічнае вызначэньне свабоды: свабода — гэта мець магчымасьць ісьці па вуліцы з тэлефонам і не баяцца. Прысутнічаў у адказах цікавы тэрмін: «Вільнятэрапія».
- Падчас дасьледаваньня высьвятляліся палітычныя арыентацыі беларусаў у Літве — стаўленьне да дэмакратыі, да Лукашэнкі, да расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, а таксама геапалітычныя арыентацыі.
- Беларусы ў Літве паводле гэтых індыкатараў вельмі аднародныя — яны за дэмакратыю, супраць Лукашэнкі і расейскай агрэсіі і за Эўропу. У гэтым адрозьненьне ад грамадзтва ўнутры Беларусі, якое падзеленае.
- Існуе вялікая розьніца ў гэтых устаноўках нават паміж беларусамі, якія прыехалі да 2020 году і пасьля яго. Сярод тых, хто прыехаў раней, прасавецкія і пралукашэнкаўскія арыентацыі даволі распаўсюджаныя.
- Нават у тых выпадках, калі прычыны эміграцыі былі эканамічнымі, матывацыі часам аказваюцца нетрывіяльныя. Шмат рэспандэнтаў у фокус-групах, якія гаварылі пра эканамічныя прычыны пераезду, называлі і палітычную матывацыю: «Не хачу працаваць на цара», «Хачу зарабляць, але гэта не павінна выглядаць, што дзяржава робіць мне падарунак».
- Існуе ўяўленьне, што эмігранты гатовыя вярнуцца толькі тады, калі адбудзецца зьмена рэжыму. Але некаторыя кажуць, што гатовыя вярнуцца, калі змогуць узяць удзел у гэтых пераменах, калі гэтая гульня будзе мець шанец на посьпех.
- Некаторыя кажуць, што ў іх усе эмоцыі перасунуліся ў Літву. Але гэта не азначае, што чалавек узяў курс на асыміляцыю, на пагружэньне ў літоўскае грамадзтва. Гэта азначае, што людзі, якія былі ягонай рэфэрэнтнай групай, ягоным атачэньнем у Беларусі, пераехалі ў Літву разам зь ім: «Мая Беларусь пераехала ў Літву разам са мной».
- Беларусы ў Літве разумеюць прычыны напружанасьці, якая ўзьнікае ў сувязі зь імі. Яны разумеюць, што ідзе вайна і Літва павінна абараняцца і быць гатовай да абароны, хоць і бачаць пэўныя перагібы.
- Аб’ектыўны бэнэфіцыяр такой напружанасьці — Расея і беларускія ўлады. Узмацненьне гэтай напружанасьці сфармуе ў беларускай масавай сьвядомасьці нядобразычлівае стаўленьне да Літвы. Калі такое стаўленьне сфармуецца, то гэта надоўга. І гэты сцэнар супярэчыць нацыянальным інтарэсам Літвы. Літва мае зь Беларусьсю самую доўгую мяжу.
А вось тэзы выступу Марыны Гуляевай, якая расказала пра дасьледаваньне «Інфармацыйныя коканы — унутры Беларусі і за яе межамі».
- Мы, кажа Марына Гуляева, праводзілі глыбінныя тэлефонныя інтэрвію толькі з грамадзянамі Беларусі, якія жывуць у Беларусі. Сярод іх прадстаўленыя ўсе рэгіёны краіны, ад Менску да вёсак.
- Было зроблена 63 інтэрвію, першая хваля — у ліпені-жніўні 2023 году, другая — у верасьні-кастрычніку летась, трэцяя — у сакавіку-красавіку сёлета.
- Рэспандэнты фіксавалі розьніцу ўспрыманьня сытуацыі ў Беларусі паміж тымі, хто зьехаў і хто застаўся.
- Коканы ствараюцца з розных прычынаў: гэта спосаб выжываньня, сродак бясьпекі, магчымасьць дасягнуць нейкіх мэтаў.
- Некаторыя рэспандэнты кажуць, што, не замыкаючыся ў кокан, немагчыма выжыць пасьля таго, што адбылося ў 2020 годзе і пасьля пачатку вайны. Людзі вымушаныя закрыцца ў гэтай шкарлупіне.
- Частка людзей проста замірае, яны ня хочуць нічога ведаць, нічога рабіць.
- Яшчэ адна функцыя кокану — бясьпека. Людзі ў Беларусі ня хочуць абмяркоўваць тэмы, якія яны лічаць датклівымі.
- У Беларусі фармуюцца закрытыя супольнасьці, якія займаюцца тым, што ім цікава.
- З нашых інтэрвію вынікае, што ў Беларусі фармуецца новая нармальнасьць. Гэта наўпрост сказаў адзін з нашых рэспандэнтаў.
Напрыканцы падамо цытаты зь некаторых інтэрвію, якія былі праведзеныя ў Беларусі Беларускай аналітычнай майстэрняй.
«За прамежак з канца 2020 году, калі бурленьне перайшло ў фармат жорсткіх рэпрэсіяў, і да першага кварталу 2023 году ў нас было праведзена з паўсотні мерапрыемстваў. Майстар-клясы, прэзэнтацыя кніжак, заняткі па маляваньні, па стральбе з луку, па вакальных практыках. Як вы думаеце, пра якую колькасьць гэтых імпрэзаў мы паведамлялі і пыталіся дазволу? Ні пра якую. Мы ні ў кога не пыталіся».
«Вы зьехалі, усё пакідалі. Ну, давайце ўсе разьедземся. Хай гной месіць нехта іншы. А калі стане добра — вы вернецеся. А мы засталіся — мы такія кепскія. Мы засталіся, каб краіна засталася. Нельга ў бядзе кідаць краіну».
«У эміграцыі ўсе застылі ў 2020 годзе. Дзеячы культуры, якія выехалі, не разумеюць культурных дзеячоў, якія засталіся ў Беларусі. У Беларусі па-ранейшаму 9 мільёнаў чалавек. Яны ўсе калябаранты? 9 мільёнаў чалавек плацяць падаткі. І плацяць не рэжыму, а дзяржаве, іншай дзяржавы няма».
«Жыцьцё ў Беларусі працягваецца, людзі нараджаюць і гадуюць дзяцей. Для тых, хто застаўся, жыцьцё ня скончылася. І жыцьцё тут, як трава, будзе расьці заўжды».
«Вельмі шмат зьехала сяброў нашай сямʼі. І ўжо праз год яны пачалі казаць: "А вось у нас у Польшчы...". Раней мы камунікавалі штодзень, потым — раз на тыдзень, цяпер — раз на некалькі месяцаў. І яны з-за мяжы спрабуюць зачапіць: "А вось у вас там..."».
Форум