Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаліся выбары ў Эўрапарлямэнт. Перамогу прагназуюць правым сілам


На выбарчым участку ў Баўгарыі
На выбарчым участку ў Баўгарыі

Першай краінай, дзе адчыніліся выбарчыя ўчасткі, сталі Нідэрлянды.

Выбары пройдуць у 27 краінах Эўрапейскага Зьвязу, у некаторых дзяржавах галасаваць можна будзе ў пятніцу і суботу (7 і 8 чэрвеня), у пераважнай большасьці краін выбарчыя ўчасткі будуць адкрытыя ў нядзелю 9 чэрвеня.

У некалькіх краінах раней ужо пачалося галасаваньне па пошце.

Агулам у Эўразьвязе каля 360 мільёнаў выбаршчыкаў. Іх галасы вызначаць, хто будзе засядаць у Эўрапарлямэнце новага скліканьня. Выбіраюцца 720 дэпутатаў, колькасьць мандатаў для кожнай краіны вызначаецца колькасьцю яе насельніцтва. Выбары праходзяць па прапарцыйнай сыстэме, але кожная краіна самастойна вызначае правілы разьмеркаваньня мандатаў. У прыватнасьці, у Нямеччыне на выбарах у Эўрапарлямэнт няма 5% бар’ера, як на выбарах у Бундэстаг. У выніку краіну ў парлямэнце змогуць прадстаўляць і дэпутаты ад малых партыяў.

На выбарах, паводле апытаньняў, чакаецца ўзмацненьне пазыцый правых сілаў. Правыя папулісты і эўраскептыкі, а таксама больш памяркоўныя нацыянал-кансэрватары, могуць прэтэндаваць прыкладна на чвэрць месцаў — больш, чым у цяперашнім скліканьні — у тым ліку за кошт чаканага посьпеху гэтых сілаў у такіх буйных краінах, як Францыя, Італія і Нідэрлянды.

У цэлым чакаецца, што першае месца на выбарах зоймуць правацэнтрысты — Эўрапейская народная партыя. Яна вылучыла цяперашнюю кіраўніцу Эўракамісіі Урзулю фон дэр Ляен на другі тэрмін.

Большасьць палітычных сілаў, якія ўдзельнічаюць у выбарах, выступаюць у падтрымку Ўкраіны і за жорсткую палітыку ў дачыненьні да Расеі. Гэтай пазыцыі прытрымліваецца і большая частка правых. Частка правых і левых папулістаў, аднак, выступае супраць падтрымкі Ўкраіны. Сярод іншых важных тэмаў — міграцыя, палітыка ў сувязі са зьменамі клімату, эканамічныя пытаньні, у тым ліку цэны на энэрганосьбіты, пытаньні бясьпекі.

Напярэдадні выбараў спэцслужбы шэрагу эўрапейскіх дзяржаў, у прыватнасьці Чэхіі і Бэльгіі, заявілі пра раскрыцьцё расейскай сеткі ўплыву, зь якой, як сьцьвярджаецца, супрацоўнічалі і некаторыя вядомыя палітыкі, галоўным чынам правыя папулісты. Мэтай гэтай сеткі, сярод іншага, было аказаць уплыў на выбары ў Эўрапарлямэнт.

Паводле ацэнак, у Эўразьвязе налічваецца каля 370 мільёнаў выбарнікаў, якія маюць права голасу.

Згодна зь нядаўнім апытаньнем, на выбарах плянуюць галасаваць каля 71% рэспандэнтаў, і гэта даволі высокі паказчык.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG