Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін прыгразіў пастаўкамі ракетнай зброі праціўнікам заходніх краін


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што Масква можа пачаць пастаўкі дальнабойнай зброі праціўнікам заходніх краін у якасьці «асымэтрычнага адказу» на ўдары заходнімі ракетамі ўглыб тэрыторыі Расеі.

У інтэрвію рэдактарам замежных агенцтваў, якое трансьлявала РБК, Пуцін заявіў, што ўдары высокадакладнымі заходнімі ракетамі, на яго думку, немагчымыя без удзелу заходніх вайскоўцаў, якія павінны, як ён лічыць, удзельнічаць у выбары цэляў.

«Мы думаем, што калі хтосьці лічыць магчымым пастаўляць такую зброю ў зону баявых дзеяньняў для нанясеньня ўдараў па нашай тэрыторыі, стварэньня праблемаў для нас, дык чаму ў нас няма права пастаўляць нашу зброю такой ж клясы ў тыя рэгіёны сьвету, дзе будуць наносіць удары па адчувальных аб’ектах тых краін, якія робяць гэта ў дачыненьні да Расеі?» — заявіў Пуцін.

Пуцін не ўдакладніў, каму ён лічыць магчымым паставіць расейскія ракеты. Амэрыканскія вайсковыя базы некалькі разоў атакавалі мілітарызаваныя групоўкі, якія падтрымлівае Іран, таксама па заходніх гандлёвых караблях рэгулярна наносяць удары ўзброеныя фармаваньні хусітаў у Емэне. У атаках часьцей за ўсё выкарыстоўваюць іранскія ракеты і дроны, Масква сама зацікаўленая ў атрыманьні гэтых узбраеньняў у Тэгерана.

Акрамя таго, ракеты ў бок Паўднёвай Карэі і Японіі рэгулярна запускае дружалюбная Маскве КНДР. Расея, паводле заходніх выведак, купляла ракетныя комплексы і ў Пхэньяна. У інтэрвію 5 чэрвеня Пуцін заявіў, што Расея «высока шануе», што Паўднёвая Карэя не вядзе прамых паставак зброі Ўкраіне.

Што яшчэ Пуцін казаў пра вайну ва Ўкраіне і вайсковую сытуацыю ў Эўропе ў інтэрвію рэдактарам замежных агенцтваў:

  • Пуцін ня даў новых ацэнак вайне ва Ўкраіне, паўтарыўшы свае звычайныя тэзісы ў гэтай тэме. Ён заявіў, што бакі ваенных канфліктаў ніколі не паведамляюць пра колькасьць загінулых на вайне, «як правіла, перакручваючы лічбы». Адразу пасьля гэтага Пуцін заявіў, што незваротныя страты Ўкраіны ў пяць разоў вышэйшыя за расейскія — гэтыя словы супярэчаць журналісцкім расьсьледаваньням, адкрытым зьвесткам і ацэнкам заходніх спэцслужбаў, якія трапілі ў СМІ.
  • Паводле Пуціна, Расея ўтрымлівае 6465 украінскіх ваеннапалонных, а Ўкраіна ўтрымлівае 1348 расейскіх вайскоўцаў. Гэта першая за доўгі час ацэнка колькасьці ваеннапалонных з абодвух бакоў ад афіцыйнай асобы, ва Ўкраіне яе на момант публікацыі навіны не камэнтавалі.
  • Пуцін заявіў, што краіны Захаду ўжо адпраўляюць ва Ўкраіну вайсковых інструктараў і дарадцаў, якія нясуць там страты. Ён не прывёў пацьверджаньня сваім словам.
  • Камэнтуючы магчымыя пастаўкі нямецкіх дальнабойных ракет Кіеву, Пуцін заявіў, што гэта «канчаткова разбурыць» адносіны паміж Масквой і Бэрлінам.
  • Пуцін заявіў, што не пагражае сьвету ядзернай зброяй. Адразу пасьля гэтага ён сказаў, што расейская тактычная ядзерная зброя валодае магутнасьцю 70-75 кілятон: «Давайце не даводзіць ня толькі да выкарыстаньня, а нават да пагрозы выкарыстаньня. Чамусьці на Захадзе лічаць, што Расея ніколі гэтага ня выкарыстае».
  • Камэнтуючы магчымы ваенны канфлікт з NATO, Пуцін даў зразумець, што лічыць напад Расеі немагчымым: «Напрыдумлялі, што Расея хоча напасьці на NATO. Лухта, разумееце, трызьненьне сабачае», — сказаў ён.
    Варта адзначыць, што Масква неаднойчы адмаўляла падрыхтоўку ўварваньня ва Ўкраіну перад самым пачаткам вайны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG