Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былыя палітвязьні анансавалі адкрыцьцё свайго закрытага бару «Банки-бутылки» на новым месцы


Архіўнае фота. Андрэй і Марыя Жукі ў менскім бары «Банки-бутылки»
Архіўнае фота. Андрэй і Марыя Жукі ў менскім бары «Банки-бутылки»

Стала вядома, што бар зноў адкрыюць, але ў Варшаве.

Менскі бар «Банки-бутылки» трапіў пад увагу сілавікоў пасьля канцэрту ў жніўні 2022 году, на якім сьпявачка Мэрыем Герасіменка выканала песьню гурту «Океан Эльзи». Пасьля гэтага затрымалі і асудзілі яе і ўладальнікаў бару Андрэя і Марыю Жукоў. Цяпер стала вядома, што бар зноў адкрыюць, але ў Варшаве, заўважыла «Наша Ніва».

«Разам зь першаадкрывальнікамі і ідэйнымі натхняльнікамі Марыя і Андрэем Жукамі, сьмелай Мэрыем Герасіменка, парай непублічных, а значыць добрых людзей і крутой камандай мы адкрываем легендарныя „Банки-Бутылки“ ў Варшаве. А дакладней так: мы адраджаем той самы менскі бар», — паведаміў у сваім інстаграме адвакат Ільля Салей, які стаў адным з партнэраў у справе перазапуску бару.

Цяпер бар будзе называцца па-ангельску Buns & Bottles, ён запрацуе ўжо ў гэтым месяцы. Каманда запрашае падпісвацца на іхны інстаграм, каб не прапусьціць анонс дакладнай даты адкрыцьця.

«Новае месца. Новая гісторыя. Тая самая старая любоў», — напісалі на старой старонцы ў Instagram стваральнікі менскага бару «Банки-Бутылки».

  • 3 жніўня 2022 году на Зыбіцкай прайшоў вулічны канцэрт сьпявачкі Мэрыем Герасіменкі на тэрасе бара «Банки-Бутылки». Яна сьпявала песьню «Океана Эльзи» «Обійми» ў падтрымку Ўкраіны.
  • Сьпявачку затрымалі і двойчы арыштавалі на 15 сутак, а потым завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, што груба парушылі грамадзкі парадак»). У студзені 2023 году, напярэдадні ейнага 30-годзьдзя Мэрыем Герасіменку асудзілі на тры гады «хатняй хіміі». Сьпявачку ўдалося пасьпяхова вывезьці зь Беларусі дзякуючы намаганьням фонду BySol.
  • На наступны дзень пасьля канцэрту ў бар прыйшлі праверкі з санстанцыі і МНС. Пазьней затрымалі ўладальніка бару Андрэя Жука і ягоную жонку Марыю. Іх таксама абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). Андрэй Жук і ягоная жонка Марыя тады таксама атрымалі «хатнюю хімію» і выехалі зь Беларусі.
  • У лютым 2024 году на канцэрце Мэрыем Герасіменкі ў Варшаве колішні ўладальнік бару «Банки-Бутылки» Андрэй Жук сказаў: «За гэтую песьню развалілі ўвесь бізнэс, пасадзілі. Але нічога не зьмянілася, мы засталіся пры сваёй думцы. Магчыма, давялося дзесьці прагнуцца, але мы ўсё ж такі верым, што ў адзін дзень мы вернемся дадому і сьпяём там, і станцуем, і ўсё будзе клас».
  • Ільля Салей, юрыст выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і адвакат Марыі Калесьнікавай, прабыў пад хатнім арыштам амаль паўгода. Яго затрымалі 9 верасьня 2020 году і абвінавацілі ў «закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы». Спачатку Салея зьмясьцілі ў СІЗА № 1 Менску, а пазьней перавялі пад хатні арышт. У красавіку 2021 году яму зьмянілі меру на заклад. Пазьней ён выехаў зь Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG