Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дзень народзінаў Навальнага ў Расеі і за мяжой прайшлі акцыі памяці


Аляксей Навальны ў судзе. Архіўнае фота
Аляксей Навальны ў судзе. Архіўнае фота

Расейскаму апазыцыянэру Аляксею Навальнаму 4 чэрвеня споўнілася б 48 гадоў. Ён памёр у калёніі асаблівага рэжыму ў запалярным пасёлку Харп 16 лютага 2024 году. Паплечнікі Навальнага лічаць, што яго забілі. Расейскія ўлады сьцьвярджалі, што сьмерць наступіла з натуральных прычын.

4 чэрвеня ў шэрагу гарадоў за мяжой расейскія апазыцыйныя актывісты правялі акцыі памяці Навальнага, пахаваньне якога 1 сакавіка ў Маскве стала найбуйнейшай дэманстрацыяй нязгоды з расейскімі ўладамі з пачатку шырокамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну.

У Бэрліне паплечнікі палітыка арганізалі увечары 4 чэрвеня канцэрт яго памяці пад назвай «Прывітаньне, гэта Навальны». На адной сцэне сабраліся артысты, якія выступаюць супраць вайны і дыктатуры ў Расеі: «АІГЕЛ», «Каста», Noize MC, «Порнофильмы». Сродкі ад продажу квіткоў пойдуць на падтрымку палітвязьняў.

У пратэстанцкім храме Сьвятой Марыі ў Бэрліне прайшла паніхіда ў памяць пра Навальнага.

У Маскве паліцэйскі спэцназ сарваў сумесны прагляд трансьляцыі бэрлінскага канцэрта «Прывітаньне, гэта Навальны». Каля 30 чалавек былі затрымалі і апыталі на месцы, паведамляе «ОВД-Инфо». Як піша Sota, на прагляд трансьляцыі сабраліся ўдзельнікі моладзевага аддзяленьня партыі «Рассвет». Выданьне апублікавала відэа відавочцы, на якім, паліцыянты ў масках меркавана набліжаюцца да будынка, дзе праводзілі паказ.

У Маскве людзі неслі кветкі на магілу Навальнага на Барысаўскіх могілках. На могілкі прыйшлі таксама бацькі Навальнага, ягонай удавы Юліі і апазыцыянэра Ільлі Яшына, сябра Навальнага, які цяпер у калёніі. Службу на магіле палітыка зноў правёў сьвятар Дзьмітрый Сафронаў, якога Маскоўская патрыярхія ў красавіку забараніла ў служэньні за паніхіду па Навальным у дзень яго пахаваньня.

Паводле зьвестак «ОВД-Инфо», на Барысаўскіх могілках затрымалі дзьвюх жанчын. Адну за нібыта экстрэмісцкую сымболіку, іншую — пасьля таго, як яна заступілася за першую затрыманую.

У Новасібірску помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў, дзе ў дні пасьля сьмерці Навальнага ўзьнік стыхійны мэмарыял, агарадзілі сыгнальнымі стужкамі. Паліцыянты затрымалі двух чалавек, якія спрабавалі ўскласьці кветкі да помніка.

У Ніжнім Ноўгарадзе ў памяць пра Навальнага несьлі кветкі да помніка, побач зь якім у 2020 годзе зьдзейсьніла самаспаленьне расейская журналістка Ірына Славіна, але 4 чэрвеня на месцы дзяжурыла паліцыя. У выніку ніжагародцы змаглі пакласьці кветкі толькі непадалёк ад помніка — ля выхаду з мэтро. Паліцыянты амаль адразу выкінулі іх.

У Сыктыўкары, Пермі і Бярэзніках, паводле зьвестак тэлеграм-канала «7×7», паліцыя напярэдадні дня нараджэньня Навальнага абыходзіла дамы актывістаў.

У Благавешчанску ў мясцовых жыхароў не атрымалася ўскласьці кветкі да помніка ахвярам палітычных рэпрэсіяў, бо побач праходзіла акцыя ў гонар загінулага на вайне з Украінай вайскоўца.

Як пісаў тэлеграм-канал DOXA, у шэрагу гарадоў, у прыватнасьці ва Ўладзівастоку, Ёшкар-Але і Самары, людзі ўскладалі кветкі ў месцах, дзе ў лютым узьніклі стыхійныя мэмарыялы.

У Ерэване некалькі дзясяткаў чалавек, сярод якіх расейскія актывісты, прынесьлі фатаздымкі, кветкі і зьнічкі да амбасады Расеі ў Армэніі.

Акцыя памяці Аляксея Навальнага ў Ерэване, 4 чэрвеня 2024 году
Акцыя памяці Аляксея Навальнага ў Ерэване, 4 чэрвеня 2024 году

У Вільні актывісты таксама сабраліся на акцыю ля расейскай дыпмісіі.

Знаёмыя і сябры Навальнага, палітычныя актывісты, журналісты і грамадзкія дзеячы, успаміналі ў сацсетках аб сваіх сустрэчах зь ім, публікавалі фатаздымкі.

  • Аляксей Навальны памёр у калёніі ў пасёлку Харп Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Расеі сёлета 16 лютага. Паводле афіцыйнай вэрсіі, сьмерць палітыка наступіла з натуральных прычын. Паплечнікі Навальнага лічаць, што яго забілі на загад расейскіх уладаў.
  • Расейскія ўлады ўнесьлі створаныя Навальным структуры ў сьпісы экстрэмісцкіх, яго паплечнікаў перасьледуюць. Паведамляецца, што ў шэрагу гарадоў улады рыхтаваліся да стыхійных акцыяў памяці 4 чэрвеня ў дзень народзінаў Навальнага.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG