Дырэктар Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі Аляксандар Бортнікаў заявіў, што дзеяньні тэрарыстаў у «Крокус Сіці Хол» каардынавалі баевікі «афганскага філіялу» забароненай у Расеі тэрарыстычнай арганізацыі «Вілаят Харасан», якая належыць да «Ісламскай дзяржавы» з афгана-пакістанскай зоны.
«Цяпер мы высьвятляем усё кола датычных да злачынства. Ужо затрымана больш за 20 чалавек, уключаючы непасрэдных выканаўцаў і памагатых», — працытавала Аляксандра Бортнікава расейскае агенцтва Інтэрфакс.
Паводле яго, ужо высьветлілі, што «падрыхтоўчыя дзеяньні, фінансаваньне, напад і адыход тэрарыстаў каардынаваліся праз інтэрнэт чальцамі групоўкі „Вілаят Харасан“, якія знаходзіліся ў афгана-пакістанскай зоне».
«Сьледзтва працягваецца, але ўжо можна з упэўненасьцю сказаць, што непасрэднае дачыненьне да гэтага нападу мае вайсковая выведка Ўкраіны», — дадаў ён.
Аляксандар Бортнікаў падкрэсьліў, што адной з мэтаў тэракту было «нанясеньне шкоды дачыненьням краін Садружнасьці з выкарыстаньнем рэлігійнага і нацыянальнага чыньнікаў».
Дырэктар ФСБ дадаў, што ў расьсьледаваньні ўдзельнічалі спэцслужбы і праваахоўныя органы Казахстану, Кіргізстану, Таджыкістану і Ўзбэкістану.
Новую вэрсію Аляксандар Бортнікаў агучыў на пасяджэньні Савету кіраўнікоў органаў бясьпекі і спэцыяльных службаў дзяржаў СНД, якое праходзіць у Бішкеку (Кіргізстан).
Што папярэднічала
22 сакавіка адбыўся тэракт у «Крокус Сіці Холе» ў падмаскоўным Краснагорску. Невядомыя адкрылі агонь па натоўпе, былі выбухі. Таксама падчас тэракту загарэўся будынак залі. У гэты час там меўся пачацца канцэрт гурту «Пікнік». Загінулі больш за 130 чалавек.
Сьледчы камітэт РФ раней паведамляў пра затрыманьне 12 падазраваных, вядома пра арышт 10 зь іх — у асноўным грамадзян Таджыкістану.
Пасьля першых затрыманьняў некалькі праваенных расейскіх каналаў апублікавалі здымкі і відэазапіс катаваньняў падазраваных у нападзе на канцэртную залю «Крокус сіці хол» — аднаму зь іх да геніталій падключылі вайсковы апарат сувязі ТА-57, які, у прыватнасьці, выкарыстоўваюць для катаваньняў разрадамі электрычнасьці, а другому адрэзалі нажом кавалак вуха, а затым прымушалі гэты кавалак зьесьці, пагражаючы адрэзаць геніталіі.
У судах, калі ўхваляліся рашэньні аб арышце падазраваных, яны выглядалі моцна зьбітымі.
Расейскія ўлады ніяк не пракамэнтавалі відэа з катаваньнямі затрыманых.
Пазьней улады Таджыкістану і Кіргізстану заклікалі сваіх грамадзян устрымацца ад наведваньня Расеі.
Ад пачатку расьсьледаваньня ўлады Расеі абвінавачвалі Ўкраіну ў датычнасьці да арганізацыі гэтага тэракту.
Форум