Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два абліччы Лукашэнкі: навошта спатрэбілася хваравітая зьмена мэдыйнага вобразу


Аляксандар Лукашэнка на ўрачыстай цырымоніі ўшанаваньня дзяржаўных сымбаляў Беларусі. Менск, 12 траўня 2024 году
Аляксандар Лукашэнка на ўрачыстай цырымоніі ўшанаваньня дзяржаўных сымбаляў Беларусі. Менск, 12 траўня 2024 году

Апошнім часам заўважна, што Лукашэнка і ягоная піяр-група працуюць над новым вобразам «гаспадара краіны». Адбываецца гэта з аб’ектыўных прычынаў: Лукашэнка прыкметна старэе, ранейшы вобраз «мáча» яму больш не пасуе. Грамадзтву спрабуюць прапанаваць імідж мудраца, патрыярха сусьветнай палітыкі. Аднак гэтая зьмена адбываецца хваравіта. Стары вобраз разбураецца, а новы складаецца цяжка.

Сьцісла:

  • У пэрсаналісцкіх рэжымах, падобных да таго, які існуе ў Беларусі, культ правадыра — неабходная ўмова існаваньня сыстэмы кіраваньня.
  • З самага пачатку свайго прэзыдэнцтва Аляксандар Лукашэнка паўстаў менавіта ў вобразе «моцнага лідэра», «мáча», «крутога хлопца».
  • Сур’ёзны надлом гэтага вобразу здарыўся ў 2020 годзе. Да таго ж цяперашні вонкавы фізычны стан Лукашэнкі моцна кантрастуе з ранейшым стэрэатыпным уяўленьнем пра яго.
  • Разбурэньне ранейшага вобразу Лукашэнкі стала пэўным выклікам і для яго самога, і для дзяржаўнай прапаганды.
  • Замест вобразу «мáча» дзяржаўная прапаганда прапаноўвае імідж мудраца, патрыярха сусьветнай палітыкі.

Стварэньне вобразу

У рэжымах асабістай улады, пэрсаналісцкіх рэжымах, падобных да таго, які існуе ў Беларусі, культ правадыра — неабходная ўмова існаваньня сыстэмы кіраваньня. Бо абсалютная ўлада адной пэрсоны патрабуе надзяленьня гэтага чалавека надзвычайнымі здольнасьцямі. Маштаб культу шмат залежыць ад гістарычнай эпохі, палітычнай культуры грамадзтва, уяўленьняў пра месца ў лёсе краіны самога ўладара. Часам ён можа набываць карыкатурны характар, як у часы позьняга Леаніда Брэжнева.

Перад дзяржаўнай прапагандай ставіцца задача штучнага стварэньня пэўнага вобразу. Як правіла, набор невялікі. Калі моцна спрашчаць, то звычайна ён зводзіцца да двух тыпажоў: вобраз «мáча», «крутога хлопца», і вобраз «мудраца».

Ад самага пачатку свайго кіраваньня Аляксандар Лукашэнка паўстаў менавіта ў вобразе «моцнага лідэра», «мáча». Ягоная палітычная моц выяўлялася ў бясконцых перамогах над ворагамі, у дэманстрацыі жорсткасьці, цьвёрдасьці і непахіснасьці («ненахіляемасьці») пры правядзеньні ўласнай лініі. Падчас першых прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году Лукашэнка выступаў у ролі гэткага «тэрмінатара», які зрынае ўсю старую намэнклятуру і дзяржаўныя інстытуты.

І гэты ягоны вобраз распаўсюджваўся ня толькі на палітычную сфэру. Ён сам ляпіў імідж «спартовага прэзыдэнта», фізычна моцнага мужыка, які рэгулярна трэніруецца, перамагае на ўсіх спаборніцтвах (хакей, лыжы ды інш.), коле дровы, косіць траву.

Палітычны і фізычны надлом

Моцны надлом гэтага вобразу здарыўся ў 2020 годзе. Лукашэнка ня толькі спужаўся канкурэнтаў, не дапусьціў да выбараў Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу, але прайграў жанчыне Сьвятлане Ціханоўскай, якая да таго ж раней увогуле не займалася палітыкай. Гэта бачылі ўсе: насельніцтва, чынавенства, замежныя суб’екты. Спроба кампэнсацыі атрыманай траўмы вылілася ў масавыя палітычныя рэпрэсіі, якія не спыняюцца дагэтуль, набываюць усё новыя маштабы.

Аднак бяда не прыходзіць адна. Да палітычнага надлому дадаліся іншыя няшчасьці. Даволі хутка выявіліся праблемы са здароўем. Зьмяніўся вонкавы выгляд, які ня ўпісваецца ў імідж «спартовага прэзыдэнта». Сталі відавочныя праблемы з нагамі, бачна, што чалавеку стала цяжка хадзіць, асабліва паднімацца і спускацца па прыступках. То бок цяперашні вонкавы фізычны стан Лукашэнкі стаў кантраставаць з ранейшым вобразам. Цяжка працягваць прэзэнтаваць імідж «мáча» і адначасова забараняць відэаапэратарам здымаць, як «мáча» спускаецца па трапу самалёта. Складана выявіць «мачызм» у амаль 70 гадоў.

Разбурэньне ранейшага вобразу Лукашэнкі стала пэўным выклікам і для яго самога, і для дзяржаўнай прапаганды. Асабліва на тле падзеяў 2020 году, калі сам уладар прызнаваў, што «мусіць, заседзеўся» на сваёй пасадзе.

Рэакцыя на выклік

Як улады рэагуюць на гэты выклік?

Першая, спантанная рэакцыя — гэта спроба схаваць ці моцна зьменшыць праблему. Беларускае тэлебачаньне ўвяло жорсткую цэнзуру на ўсе відэасюжэты з удзелам Лукашэнкі. Не паказваюць, як ён паднімаецца і спускаецца па прыступках, мантажуюць, выразаюць непатрэбныя кадры. Затое з задавальненьнем апавядаюць пра стан здароўя прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна.

Аднак спроба зрабіць тэму здароўя Лукашэнкі дзяржаўнай таямніцай дае толькі адваротны эфэкт. Бо, па-першае, відэасюжэты, зробленыя іншымі мэдыя падчас замежных візытаў, паказваюць сапраўдную карціну. Па-другое, чуткі заўсёды перабольшваюць рэальную сытуацыю. Таму і зьяўляюцца вэрсіі пра сьмяротную хваробу і інш. Тут нават важны ня столькі сапраўдны стан здароўя, колькі ўяўленьне пра яго з боку атачэньня дый проста абываталяў.

Сам Лукашэнка інтуіцыйна адчувае, як разбураецца ягоны вобраз «крутога хлопца», спрабуе дэзавуяваць усе размовы пра сваё здароўе. Раз-пораз кажа то пра ковід, які раптоўна напаткаў яго, то спрабуе тлумачыць страту голасу прастудай. То апавядае пра 80-кіляграмовае палена, якое быццам бы ўпала на нагу, калі калоў дровы. Вось як ён апраўдваўся за тое, што ня змог ісьці да Вечнага агню зь іншымі лідэрамі сёлета на 9 траўня ў Маскве:

«Мы цягаліся там па завугольлі, і нас крытыкаваць пачалі, што мы недзе калдыбалі, адсталі... А тут СВА-шнікі сабраліся, там іх паўсотні, фатаграфуюцца. Ну, мы з Шайгу і адсталі там. Дык яны нас за гэта пакрытыкавалі. А мы ззаду. Ну добра, там не было жорсткага такога пратаколу».

Апраўданьні і тлумачэньні выходзяць даволі нязграбныя.

Спроба намацаць новы вобраз

Зь іншага боку, каб нэўтралізаваць ці кампэнсаваць страту ранейшага вобразу, Лукашэнка імкнецца праяўляць падвышаную актыўнасьць. Ён амаль кожны дзень зьяўляецца на інфармацыйным экране, ладзіць нарады, езьдзіць па рэгіёнах, выпраўляецца ў ня надта абавязковыя замежныя паездкі (у тую ж Афрыку ці плянаваны візыт у Манголію). Гэта дэманстрацыя таго, які ён яшчэ актыўны, нягледзячы на ўзрост. Аднак некаторыя візыты (напрыклад, нядаўняя паездка ў Азэрбайджан), асабліва пешыя прагулкі, даюцца яму даволі цяжка. І гэта ўжо заўважна для ўсіх.

Адначасова сам Лукашэнка і ягоная піяр-група (ці прэсавая служба) спрабуюць намацаць новы вобраз. Замест «мáча» прапануюць імідж мудраца, патрыярха сусьветнай палітыкі. Зьвярніце ўвагу, як часта апошнім часам Лукашэнка пачаў разважаць пра схаваныя спружыны сусьветнай палітыкі, якія нікому невядомыя, а даступныя толькі вось такім дасьведчаным палітыкам, як ён. Шмат кажа, як аднапалярны сьвет трансфармуецца ў шматпалярны, распавядае, што даляр хутка абваліцца, разважае пра іншыя кансьпіралягічныя тэмы. Пры гэтым кожны раз падкрэсьлівае свой вялізны досьвед.

Аднак зьмена вобразу адбываецца хваравіта. Бо празьмерная агрэсія на адрас унутраных і вонкавых ворагаў дрэнна ўпісваецца ў імідж мудраца. Лаянку, абразы, пагрозы неяк цяжка выдаць за праяву мудрасьці.

У выніку атрымоўваецца ні тое ні сёе. Стары вобраз разбураецца, новы складаецца цяжка. Аднак на такім раздарожжы — ня толькі Лукашэнка, але і ўся Беларусь.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG