Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомельскай вобласьці МНС праводзіць вучэньні «ва ўмовах ваеннага часу»


Супарцоўнікі МНС Беларусі. Архіўнае фота
Супарцоўнікі МНС Беларусі. Архіўнае фота

Супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сытуацый адпрацоўваюць на вучэньнях у Гомельскай вобласьці «навыкі рэсурснага забесьпячэньня пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада ва ўмовах ваеннага часу».

Асноўная мэта вучэньняў, як паведамляе прэс-служба Гомельскага аблвыканкама, палягае ў праверцы «рэальнасьці выкананьня сплянаваных мерапрыемстваў» у забесьпячэньні «органаў і падразьдзяленьняў надзвычайных сытуацый», а таксама набыцьцё практычных навыкаў у «забесьпячэньні ўстойлівага функцыянаваньня ў асаблівых абставінах».

Камэнтуючы ход вучэньняў, старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко заявіў, што «падобныя трэніроўкі па ўзгадненьні з вобласьцю трэба правесьці ў раёнах рэгіёну».

«За 30 кілямэтраў ад нашай паўднёвай мяжы ідзе СВА („спэцыяльная ваенная апэрацыя“, так расейскія і беларускія ўлады называюць захопніцкую вайну Расеі супраць Украіны. — „Позірк“), на заходніх рубяжах мілітарызацыя нарастае, — сказаў чыноўнік. — І ніхто з краін NATO не гаворыць пра мір. Мы павінны быць гатовыя да ўсяго. Сёньня праверым тэарэтычную і практычную гатоўнасьць узаемадзеяньня дадатковых сіл зь сілавым блёкам».

29 траўня міністар унутраных спраў Іван Кубракоў распарадзіўся правесьці ва ўсіх рэгіёнах Беларусі тактыка-спэцыяльныя вучэньні для праверкі гатоўнасьці дзяржорганаў да «рэагаваньня і ўзаемадзеяньня ва ўмовах надзвычайнай сытуацыі».

Такі загад ён аддаў пасьля завяршэньня такіх вучэньняў на тэрыторыі сталічнага спарткомплексу «Чыжоўка-Арэна».

Паведамлялася, што ўмовы трэнінгу, які ГУУС Менгарвыканкама правяло сумесна зь Міністэрствам надзвычайных сытуацый і «іншымі дзяржаўнымі органамі», былі «максымальна набліжаныя да рэальных». Сілавікі адпрацавалі альгарытмы рэагаваньня на «выяўленьне на пункце пропуску крыніцы радыяактыўнага выпраменьваньня, спробу прарыву КПП, пагрозу тэракту з выкарыстаньнем агнястрэльнай зброі і бесьпілётніка, захоп закладнікаў».

Відэаролік, які суправаджае паведамленьне, дазволіў зрабіць выснову, што гэтыя вучэньні — свайго роду рэакцыя на сакавіцкі тэракт у «Крокус Сіці Холе» у падмаскоўным Краснагорску (РФ).

Пасьля контратэрарыстычных вучэньняў на тэрыторыі мінскага гандлёвага цэнтру Palazzo, якія завяршыліся ў ноч на 19 красавіка, Кубракоў анансаваў на травень «маштабныя вучэньні з прыцягненьнем усіх тэрытарыяльных органаў унутраных спраў».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG