З 16 траўня на вуліцах Менску будуць перакрываць рух для рэпэтыцый параду, прысьвечанага сьвяткаваньню Дня Незалежнасьці 3 ліпеня, паведаміла Міністэрства абароны Беларусі.
Пешыя калёны будуць праводзіць трэніроўкі на пляцы ваеннай камэндатуры ва Ўруччы, а мэханізаваная калёна — на аэрадроме «Ліпкі». У сувязі з гэтым, з 16 траўня на працягу чатырох тыдняў будуць перакрываць для руху ўсіх відаў транспарту адразу некалькі менскіх вуліц па маршруце руху калёнаў, паведамляе Мінабароны.
Маршруты руху:
- Мэханізаваная калёна на гусенічным ходзе будзе рухацца па бэтоннай дарозе ў раёне вуліцы Заснавальнікаў, перасякаць вул. Францыска Скарыны і ў раёне гаражнага каапэратыва «Седзюнг» будзе сыходзіць у лес па грунтавай дарозе да аэрадрома «Ліпкі».
- Калёна колавай тэхнікі будзе рухацца з вайсковага гарадка «Уручча» па наступным маршруце: вуліца Заснавальнікаў — вуліца Скарыны — зьнешняе кольца МКАД — аэрадром «Ліпкі».
З вайсковага гарадка «Ўручча» калёны будуць рушыць кожны аўторак у 5.00 на працягу 4-х тыдняў, пачынаючы з 16 траўня. Паэтапнае поўнае абмежаваньне руху транспарту будуць уводзіць у названыя даты з 4.50 і да праходжаньня калёнаў па ўказаных маршрутах. Арыенціровачны час праходжаньня калёнаў — каля 50 хвілінаў, адзначае ведамства.
Вяртацца калёны будуць шточацьвер у 20.00, пачынаючы з 17 траўня на працягу 4-ці тыдняў (да 13 чэрвеня ўключна). Поўнае абмежаваньне руху транспарту будуць уводзіць з 19.50 і да праходжаньня абедзьвюх калёнаў.
Кіроўцаў просяць улічваць гэтую інфармацыю пры выбары маршруту руху.
Паводле Мінабароны, сёлета ў вайсковым парадзе да 3 ліпеня прымуць удзел больш за 6000 вайскоўцаў і каля 250 адзінак баявой тэхнікі. Свае парадныя разьлікі прадставяць Мінабароны, МУС, Дзяржаўны памежны камітэт, МНС, Сьледчы камітэт, кадэцкія вучэльні і спэцыялізаваныя ліцэі. Неба над сталіцай упрыгожаць баявыя самалёты і верталёты.
«Для ўдзелу ў парадзе запрошаныя вайскоўцы са складу Ўзброеных Сіл замежных дзяржаў», — паведамляе Мінабароны. Вайскоўцы зь якіх краін будуць удзельнічаць у парадзе, не ўдакладняецца.
Форум