Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь ужо частка вайны». Амбасадар Кізім пракамэнтаваў заяву Алейніка пра «спробы прымусіць Менск стаць часткай канфлікту»


Былы амбасадар Украіны ў Менску, а цяпер амбасадар у асаблівых даручэньнях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім
Былы амбасадар Украіны ў Менску, а цяпер амбасадар у асаблівых даручэньнях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім

Амбасадар у асаблівых даручэньнях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім пракамэнтаваў заявы міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Алейніка пра тое, што некаторыя краіны спрабуюць «прымусіць Менск стаць часткай канфлікту», гаворачы пра вайну Расеі ва Ўкраіне.

«Што б там ні казаў Сяргей Алейнік пра тое, што нехта, у тым ліку з суседзяў, спрабуе „прымусіць Менск стаць часткай канфлікту“, хацелася б адзначыць, што Беларусь ужо зьяўляецца часткай вайны (у разуменьні крамлёўска-беларускай прапаганды — „канфлікту“) з 24 лютага 2022 году», — напісаў Ігар Кізім у сваім Фэйсбуку.

Ён адзначыў, што сам Аляксандар Лукашэнка раней казаў, што «саюзьніцкія абавязаньні» перад Расеяй прымусілі яго дапамагаць расейскай агрэсіі супраць Украіны зброяй, тэхнікай і г.д. і тым самым стаць саўдзельнікам гэтай агрэсіі. Таксама, паводле Кізіма, цяпер увесь беларускі вайскова-прамысловы комплекс «працуе на расейскі ВПК».

Ігар Кізім назваў словы Сяргея Алейніка, што Беларусь «ніколі не стварала праблемаў суседзям», крывадушнасьцю.

«Гэта значыць, наданьне тэрыторыі для ўварваньня расейскай арміі ва Ўкраіну (краіна-сусед з агульнай мяжой), вайсковай інфраструктуры для нанясеньня ракетна-бомбавых удараў, пастаўкі ў расейскае войска боепрыпасаў, тэхнікі і да т.п. — гэта „не стварае праблем для суседзяў“?» — рытарычна запытаў амбасадар.

Пры гэтым ён падкрэсьліў: «Відавочна, што гаворка ідзе не пра беларускі народ, які сапраўды ніколі не ствараў праблем украінцам, а пра цяперашні вайскова-палітычны рэжым».

Таксама Ігар Кізім адзначыў, што з улікам вышэйзгаданых «момантаў» Беларусь ня можа, як зноў прапанаваў Сяргей Алейнік, быць пляцоўкай для перамоваў па мірным урэгуляваньні вайны ва Ўкраіне, хіба толькі «ў выпадку капітуляцыі Расеі, але тады і месца Беларусі, хутчэй за ўсё, будзе недзе побач з расейскай дэлегацыяй, а не паміж бакамі, якія канфліктуюць».

29 траўня падчас паседжаньня беларуска-вугорскай міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік, гаворачы пра вайну ва Ўкраіне, заявіў:

«На жаль, некаторыя краіны, у тым ліку нашыя суседзі, спрабуюць яшчэ і прымусіць Менск стаць часткай канфлікту. (...) Мы ніколі, гэта нашая прынцыповая пазыцыя, не стваралі праблемаў суседзям. Ня робім гэтага і цяпер. Беларусь — міралюбівая краіна».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG