Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На колькі пры Лукашэнку стала меней клюбаў і бібліятэк. Лічбы


У бібліятэцы, архіўнае фота
У бібліятэцы, архіўнае фота

Агулам на 6 з паловай тысяч.

Ініцыятыва «Вашы грошы» паглядзела, што зьмянілася ў колькасным вымярэньні ў беларускай культурніцкай сфэры.

«Нядаўна нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі падзяліўся інфармацыяй аб стане сфэры культуры. За мішурой статыстыкі можна разглядзець паступовую дэградацыю», — адзначае ініцыятыва.

Лічбы гавораць пра тое, што колькасьць арганізацый культуры і вольнага часу за апошнія 30 гадоў істотна зьмянілася. Больш чым удвая скарацілася колькасьць клюбаў і бібліятэк, тады як колькасьць музэяў (12%, ці 4 адзінкі), тэатраў (17%, ці 10 адзінак) і канцэртных арганізацый (77%, ці 17 адзінак) вырасла. Цыркаў за апошнія 30 гадоў менш ня стала — як і ў пачатку 90-х, цыркавыя арганізацыі толькі дзьве.

Клюбаў у краіне 2291, за апошнія 30 гадоў, гэта значыць, якраз за час, які краінай кіруе Аляксандар Лукашэнка, закрылася 2946 клюбаў. А таксама закрылася 3450 бібліятэк, іх засталося 2214 па ўсёй Беларусі.

Пры гэтым занятасьць у галіне няўхільна скарачаецца. Так, з 2010 году колькасьць занятых у творчай дзейнасьці людзей скарацілася на 3%, а ў бібліятэках на 18%. У сфэры культуры па-ранейшаму вельмі нізкая аплата працы. У любых зарплатных рэйтынгах спэцыялісты сфэры культуры і адпачынку заўжды знаходзяцца ў ніжняй частцы. Напрыклад, у сакавіку 2024 году іх сярэдні заробак склаў 1280 рублёў «бруднымі» пры сярэднім заробку па краіне 2161 рубель.

Намінальна выдаткі рэспубліканскага бюджэту на культуру паступова растуць. Аднак доля такіх расходаў у бюджэце скарачаецца. Дзяржава з году ў год аддае прыярытэт іншым сфэрам. У 2021 годзе выдаткі на культуру складалі 0,52% рэспубліканскага бюджэту, у 2022-м — 0,51%, у 2023-м — 0,50%, у 2024-м — 0,49%.

У дадатак, як піша ініцыятыва, за апошнія некалькі гадоў праз рэпрэсіі дзяржавы і пагрозы Беларусь пакінулі шмат творцаў, што таксама наклала адбітак на гэтую галіну.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG