Камэнтуючы пачатак дзейнасьці Дасьледчага цэнтру беларусазнаўства на базе Скарынаўскай бібліятэкі яе апякун Павал Шаўцоў адзначыў, што «бібліятэка мае багаты шматгадовы досьвед супрацоўніцтва зь індывідуальнымі дасьледнікамі па ўсім сьвеце. Але цяпер гэтае супрацоўніцтва становіцца інстытуцыйным. Падпісаная дамова з Варшаўскім унівэрсытэтам — гэта для нас першая, з моманту заснаваньня бібліятэкі ў 1971 годзе, дамова зь інстытуцыяй».
Караліна Мацкевіч, апякунка і куратарка бібліятэкі, адзначыла што «заснаваньне гэтага дасьледчага цэнтру адпавядае бачаньню стваральніка бібліятэкі айца Аляксандра Надсана (...) Айцец Аляксандар, які актыўна камунікаваў зь беларусазнаўцамі з усяго сьвету і ўсялякім чынам пашыраў акадэмічную ролю бібліятэкі, заклаў велізарны патэнцыял, які вось цяпер, установай гэтага цэнтру, можа быць паўней рэалізаваны».
Загадчыца катэдры праф. Ёанна Гэтка падкрэсьліла важнасьць супрацоўніцтва і для катэдры, паколькі яна дазволіць «студэнтам спалучаць акадэмічныя веды з практычным досьведам».
«У сучасным сьвеце неабходна ня толькі ведаць, але ўмець на практыцы гэта рэалізоўваць. І калі маем інстытуцыю з такім досьведам, як у Беларускай бібліятэкі і музэя імя Францішка Скарыны, то лепшага партнэра для супрацоўніцтва знайсьці немагчыма», — зазначыла Ёанна Гэтка.
Намесьнік загадчыцы катэдрай прафэсар Юры Грыбоўскі прызнаў, што ў рэгіёне недастатковыя веды «пра Беларусь, якая ёсьць часткай Эўропы і ў гістарычным, і ў цывілізацыйным, і ў культурным сэнсе, пра беларускую культуру, яе мінуўшчыну і сучаснасьць». Ён адзначыў:
«Мэтай нашага супрацоўніцтва, між іншым, зьяўляецца тое, каб гэтую сытуацыю палепшыць і паспрыяць таму, каб асабліва маладое пакаленьне, студэнцтва, пачало больш цікавіцца беларускімі праблемамі, датычнымі культуры і гісторыі. Нашая катэдра займаецца гэтым на працягу апошніх гадоў, і падпісаная дамова павінна надаць гэтаму новы імпульс».