Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Рэспублікі Сэрбскай адклікаў з парлямэнту закон «аб іншаземных агентах»


Акцыя пратэсту прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый Рэспублікі Сэрбскай супраць закону аб «іншаземных агентах», 28 верасьня 2023
Акцыя пратэсту прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый Рэспублікі Сэрбскай супраць закону аб «іншаземных агентах», 28 верасьня 2023

Дасьледаваньне сэрбскай службы Радыё Свабода паказала, што закон блізкі да аналягічнага закону, прынятага ў Расеі ў 2012 годзе.

Урад Рэспублікі Сэрбскай адклікаў з разгляду ў парлямэнце закон аб спэцыяльным рэестры і галоснасьці працы некамэрцыйных арганізацый, больш вядомы ў грамадзтве як закон аб «іншаземных агентах».

Як паведаміла сэрбская служба Радыё Свабода, гэтае рашэньне агучыў віцэ-прэм’ер, міністар юстыцыі Сэрбіі Мілаш Букейлавіч.

Праект закону, ухвалены ў першым чытаньні летась у верасьні, прадугледжваў асаблівы нагляд і магчымасьць забароны на працу для няўрадавых арганізацый, якія фінансуюцца з-за мяжы, забарону на палітычную дзейнасьць, неабходнасьць дадатковай рэгістрацыі і абавязковых фінансавых справаздач.

Дакумэнт вызначаў «агентамі іншаземнага ўплыву» некамэрцыйныя арганізацыі, якія дапамагаюць замежным суб’ектам і якія займаюцца палітычнымі дзеяньнямі або палітычнай дзейнасьцю, уплывам на грамадзкую думку, а таксама тыя, дзейнасьць якіх накіравана на «парушэньне цэласнасьці і Канстытуцыі Рэспублікі Сэрбскай».

Праект закону ўключылі ў парадак дня парлямэнцкай сэсіі сёлета 22 траўня, нягледзячы на пісьмовы заклік 46 няўрадавых арганізацыяў да дэпутатаў не падтрымліваць закону, паводле якога будуць атакаваць «кожнага, хто змагаецца за правы чалавека і супраць карупцыі».

У лісьце ад 20 траўня місія АБСЭ таксама папярэдзіла, што закон аб «іншаземных агентах» супярэчыць канстытуцыям Рэспублікі Сэрбія і Босьніі і Герцагавіны, а таксама міжнародным абавязаньням краіны ў галіне правоў чалавека.

Закон у 2022 годзе анансаваў прэзыдэнт Рэспублікі Сэрбскай Міларад Додзік, які знаходзіцца ў санкцыйных сьпісах ЗША і Вялікай Брытаніі за перашкоды выкананьню Дэйтанскага пагадненьня і парушэньне легітымнасьці і функцыянальнасьці дзяржавы Босьнія і Герцагавіна. Таксама ён супраціўляецца рэформам у Босніі і Герцагавіне, ад чаго краіна ня рухаецца далей у пытаньнях эўраінтэграцыі і ўступленьня ў NATO.

Дасьледаваньне сэрбскай службы Радыё Свабода паказала, што закон блізкі да аналягічнага закону, ухваленага ў Расеі ў 2012 годзе.

28 траўня аналягічны закон ухваліў парлямэнт Грузіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG