«На аптэчны склад РУП „Белфармацыя“ прыбыла новая партыя лекавых сродкаў. Пасьля некаторага часу адсутнасьці, яны цяпер даступныя», — паведаміла прэс-служба Мінздароўя ў Тэлеграме.
Паводле ведамства, на наступным тыдні ў продаж паступяць:
- Салафальк 500 мг (МНН-месалазін, супрацьзапаленчы сродак, ужываецца для лекаваньня хваробы Крона і неспэцыфічнага язвавага каліту, краіна-вытворца — Нямеччына).
- Метыпрэд 4мг (МНН-метылпрэднізалон; глюкакартыкастэроід, выкарыстоўваецца для зьніжэньня запаленьня і сымптомаў алергічных рэакцыяў, ужываецца для лекаваньня розных захворваньняў, зьвязаных з імунным адказам арганізму, краіна-вытворца — Фінляндыя),
- амэрыканская вакцына Гардасіл (для прафіляктыкі захворваньняў, выкліканых вірусам папіломы чалавека),
- прэпарат «Рэзавіва», расейскі «аналяг з такім жа дзейным рэчывам» вугорскага прэпарату Ібандранат-Тэва, які пакуль немагчыма паставіць у Беларусь (ужываецца для лекаваньня постмэнопаузального астэапарозу ў жанчын з падвышанай рызыкай пераломаў),
- расейская вакцына «Клешч-э-вак» для спэцыфічнай прафіляктыкі клешчавога энцэфаліту, на бягучым тыдні будзе даступная для замовы паліклінікамі.
Пастаўкі іншых прэпаратаў, цяпер недаступных у Беларусі, паводле Мінздароўя, чакаюцца ўлетку:
- вугорскі прэпарат Ібандранат-Тэва,
- капсулы Акнекутан (Харватыя) — паступяць у Беларусь у ліпені,
- Аксетол (індыйскі супрацэпілептычны сродак) паступіць у Беларусь да канца ліпеня.
Перабоі з пастаўкамі некаторых лекаў у Беларусі зьвязаныя з санкцыямі і адмовай некаторых заходніх кампаній працаваць зь беларускім рынкам. У Мінздароўя раней казалі, што Беларусь на 50% залежыць ад замежных прэпаратаў. У МЗС заяўлялі, што «міжнародныя санкцыі блякуюць доступ да шэрагу крытычна важных лекаў для найбольш уразьлівых групаў».
Форум