Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь апынулася ў канцы сусьветнага рэйтынгу сыстэм аховы здароўя


Архіўнае ілюстрацыйнае фота, у адной зь менскіх бальніц
Архіўнае ілюстрацыйнае фота, у адной зь менскіх бальніц

Беларусь заняла 88-е месца з 94 у найноўшым сусьветным рэйтынгу сыстэмаў аховы здароўя (Health Care Index) за 2024 год, апублікаваным міжнароднай базай дадзеных Numbeo, якая спэцыялізуецца на ацэнцы розных аспэктаў якасьці жыцьця ў краінах сьвету.

Беларусь апынулася адзінай краінай Эўропы ў рэйтынгу з індэксам аховы здароўя меншым за 50 балаў.

Агулам у рэйтынгу 94 краіны, сярод якіх Беларусь заняла 88-е месца. На адзін радок вышэй за Беларусь разьмясьцілася Нігерыя (87 месца), ніжэй — Азэрбайджан (89-е).

Сярод краінаў-суседак Беларусі ніжэй за ўсіх у рэйтынгу Польшча — яна разьмясьцілася на 76 месцы, за ёй Украіна — на 75 месцы, Расея заняла 55 пазыцыю, Латвія — 52-ю, Літва — 16-ю.

Узначалілі рэйтынг азіяцкія краіны — Тайвань (1 месца), Паўднёвая Карэя (2) і Японія (3). У канцы рэйтынгу —Вэнэсуэла (94 месца), Банглядэш (93) і Марока (92).

Індэкс аховы здароўя, складзены Numbeo, уяўляе сабой ацэнку агульнай якасьці сыстэмы аховы здароўя, прафэсійны ўзровень лекараў і іншага мэдыцынскага пэрсаналу, якасьць мэдыцынскага абсталяваньня, кошты мэдыцынскіх паслуг і г. д. у розных краінах. Ён складаецца на аснове апытаньняў, праведзеных за апошнія 36 месяцаў сярод наведнікаў парталу Numbeo, рэзыдэнтаў адпаведных краін, а не на базе даных нацыянальных службаў статыстыкі.

Кампанія Numbeo, заснаваная ў 2009 годзе, кіруе найбуйнейшай у сьвеце анлайнавай базай дадзеных аб кошце і якасьці жыцьця ў сьвеце, якая складаецца і абнаўляецца з дапамогай яе карыстальнікаў мэтадам краўдсорсінгу.

  • У Беларусі ад пачатку прэзыдэнцкай перадвыбарнай кампаніі 2020 году ў крымінальных палітычных справах асудзілі сама меней 35 мэдыкаў.
  • Паводле зьвестак «Вясны», дзясяткі мэдыкаў прайшлі праз затрыманьні, суды і адміністрацыйныя арышты ў «нечалавечых умовах» у беларускіх СІЗА. Шмат каго зь іх затрымлівалі проста на працоўных месцах і судзілі за «дробнае хуліганства», «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі», «несанкцыянаванае пікетаваньне» ці за рэпосты «экстрэмісцкіх» матэрыялаў незалежных СМІ.
  • У выніку шматлікіх лекараў звальняюць за іх палітычныя перакананьні, а зь некаторымі проста не падаўжаюць кантрактаў. З гэтай прычыны ў Беларусі назіраецца недахоп мэдычных спэцыялістаў.
  • У канцы студзеня 2024 году Лукашэнка зьняў Піневіча з пасады міністра аховы здароўя Беларусі і прызначыў новым міністрам экс-кіраўніка РНПЦ у Навінках Аляксандра Хаджаева. Пры Піневічы сыстэма аховы здароўя пачала функцыянаваць у атмасфэры санкцый Захаду, што прывяло да пэўных праблемаў з пастаўкамі замежных лекаў і мэдыцынскага абсталяваньня.
  • 2 лютага ў Беларусі прынялі закон, згодна зь якім тэрмін адпрацоўкі пасьля ардынатуры для мэдыкаў-бюджэтнікаў павялічылі з 2 да 5 гадоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG