Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 3 тысячы галасоў, DDoS-атака і праблемы з VPN у Беларусі: як праходзяць выбары ў Каардынацыйную раду


Ілюстрацыйнае фота. Падчас канфэрэнцыі, прысьвечанай выбарам у Каардынацыйную раду. 19 траўня 2024 году
Ілюстрацыйнае фота. Падчас канфэрэнцыі, прысьвечанай выбарам у Каардынацыйную раду. 19 траўня 2024 году

Выбары ў Каардынацыйную раду пачаліся 25 траўня і працягнуцца тры дні — да 23:59 27 траўня. Першыя вынікі аб’явяць не пазьней за 29 траўня. У выбарах удзельнічаюць 11 выбарчых сьпісаў.

Паводле стану на 13-ю гадзіну 26 траўня, на выбарах ужо прагаласавалі больш за тры тысячы чалавек, паведамілі ў прэс-службе Каардынацыйнай рады.

На вечар 25 траўня галасы на выбарах у Каардынацыйную раду паступілі з 12 краінаў, распавяла «Люстэрку» старшыня выбарчай камісіі Алена Прыходзька.

«Самыя актыўныя — Польшча і Літва, на трэцім месцы Грузія, — распавяла яна. — Таксама прагаласавалі беларусы з Францыі, Гішпаніі, Грэцыі, Італіі, Нідэрляндаў, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Злучаных Штатаў і Канады».

Паводле Алены Прыходзькі, галасы зь Беларусі таксама паступаюць, хоць у сыстэме ня бачная іх колькасьць. Людзі, якія знаходзяцца ўнутры краіны, могуць прагаласаваць на спэцыяльна створанай для гэтага вэб-старонцы, але ў Беларусі сайт адчыняецца толькі праз VPN, які хавае сапраўднае месцазнаходжаньне карыстальніка сэрвісу.

«Мы наўмысна гэта зрабілі, каб гарантаваць бясьпеку людзей, — тлумачыць Прыходзька. — Таму ў статыстыцы краінаў, адкуль прыйшлі галасы, Беларусі няма».

Паводле старшыні выбарчай камісіі, працэс галасаваньня ідзе роўна — у сярэднім камісія атрымлівае адзін голас у тры хвіліны. Паводле яе, за ўвесь дзень камісія не зарэгістравала ніводнай падазронай спробы зарэгістравацца ці прагаласаваць.

За першы дзень выбараў у Каардынацыйную раду прагаласавалі больш за 2,4 тысячы чалавек.

DDoS-атака на плятформу для галасаваньня і праблемы з VPN у Беларусі 25 траўня

Выбары ў Каардынацыйную раду трэцяга скліканьня стартавалі апоўначы 25 траўня. Практычна адразу на плятформу Belarus ID, празь якую можна прагаласаваць на выбарах, адбылася магутная DDoS-атака, якая працягвалася каля гадзіны. Кіраўнік каманды распрацоўнікаў плятформы Павал Лібер кажа, што пэрсанальныя зьвесткі карыстальнікаў пры гэтым не пацярпелі і нікуды не ўцяклі. Мэтай атакі, паводле яго, была перагрузка сеткавага трафіку да сэрвэра для таго, каб людзі не змаглі патрапіць на плятформу.

25 траўня ў Беларусі на працягу ўсяго дня фіксаваліся праблемы з доступам да VPN-сэрвісаў. На думку Паўла Лібера, гэта можа быць зьвязана з выбарамі ў Каардынацыйную раду. Беларусы ўнутры краіны могуць прагаласаваць на выбарах на сайце, які адчыняецца толькі праз VPN, таму праблемы з працай сэрвісаў маглі сапраўды перашкодзіць ім галасаваць.

«Тэхнічная каманда плятформы для галасаваньня на выбарах у КР ведае пра спробы блякаваньня доступу да VPN-сэрвісаў унутры Беларусі, — сказаў „Люстэрку“ Павал Лібер. — Аднак на працы сыстэмы гэта адбіваецца. Беларуская дзяржава рэдка практыкуе адключэньне VPN-сэрвісаў, што падкрэсьлівае яе асаблівае стаўленьне да выбараў у Каардынацыйную раду. Для таго, каб супрацьдзейнічаць гэтаму, мы рыхтуем сьпіс пашыраных сэрвісаў, які хутка будзе даступны».

Што такое Каардынацыйная рада

Гэта прадстаўнічы орган дэмакратычных сілаў і арганізацый грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Каардынацыйная рада ўзьнікла ў жніўні 2020 году, каб пераадолець палітычны крызіс. Скліканьне Каардынацыйнай рады ініцыявала Сьвятлана Ціханоўская. Цяпер Каардынацыйная рада працуе за мяжой, гэта своеасаблівы протапарлямэнт.

Каго і як абіраюць у Новы склад КР

На выбарах у Каардынацыйную раду арганізавалі электроннае галасаваньне. Ёсьць два варыянты галасаваньня — праз вэб-сайт і адмысловую аплікацыю. Тыя беларусы, якія знаходзяцца ўнутры краіны, могуць аддаць свой голас у вэб-вэрсіі, мабільная аплікацыя даступная толькі для тых, хто знаходзіцца за мяжой.

Галасаваць могуць паўналетнія грамадзяне Беларусі, якія маюць беларускія пашпарты (нават пратэрмінаваныя). Від на жыхарства іншай краіны ці праязны дакумэнт замежніка не падыдуць, таксама праграма не распазнае копіі ці сканы беларускага пашпарта.

У кожнага выбарніка — па адным голасе, можна аддаць яго за любы са сьпісаў.

Выбарчыя сьпісы

Галасаваць на гэтых выбарах будуць не за канкрэтных кандыдатаў, а за выбарчыя сьпісы. Цяпер у выбарчай гонцы ўдзельнічаюць 234 чалавекі з выбарчых 11 сьпісаў:

  • Самы вялікі сьпіс — «Каманда Латушкі і рух «За свабоду» — 46 чалавек. Сюды ўваходзіць намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэта Сьвятланы Ціханоўскай Павал Латушка. А таксама палітык, старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч. Па словах Паўла Латушкі — гэта кааліцыя, да якой далучыліся блогеры, юрысты, дзеячы культуры і прадпрымальнікі.
  • «Эўрапейскі выбар» — 34 чалавекі. Узначальвае аб’яднаньне старшы палітычны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Аляксандар Дабравольскі. У КР ранейшага скліканьня была фракцыя «Грамадзянскае дзеяньне / За Новую Беларусь». Апроч Дабравольскага, туды таксама ўваходзіў Юрась Губарэвіч.
  • Блёк Пракоп’ева-Ягорава — 34 чалавекі. Сюды ўваходзіць сьпікер КР, палітоляг Андрэй Ягораў, а таксама рэстаратар, адзін з заснавальнікаў палку «Пагоня» Вадзім Пракоп’еў. У лістападзе мінулага году Ягораў, Пракоп’еў і Сахашчык ладзілі сустрэчы зь беларусамі ў польскіх гарадах, спадзеючыся аб’яднаць беларусаў у масавую арганізаваную структуру.
  • «Салідарнасьць» — 21 чалавек. Публічныя асобы — палітык Георгі Дзьмітрук і выканаўца абавязкаў старшыні партыі «Народная грамада» Яўген Вільскі. Георгі Дзьмітрук зьвязвае сябе з аргкамітэтам БХД. Аднак частка хрысьціянскіх дэмакратаў разам зь Віталём Рымашэўскім адмаўляе датычнасьць Дзьмітрука да цяперашняга аргкамітэту БХД.
  • «Воля» — 20 чалавек. Першае імя ў гэтай фракцыі — намесьнік камандзіра палку імя Каліноўскага Вадзім Кабанчук. Пры гэтым у палку прынялі рашэньне, што жаўнеры могуць удзельнічаць у выбарах у КР толькі пры ўмове, што яны пакідаюць полк. Прамілітарны блёк з гендэрнай квотай у 20%.
  • «Незалежныя беларусы» — 17 чалавек. Першы ў сьпісе — блогер Максім Шабуцкі. Першыя ролікі ён пачаў выкладваць у свой канал на Youtube у ліпені 2020 году, прапанаваў свой плян дзеяньняў на 9 жніўня, які называўся «Багратыён». Аднак гэты плян не знайшоў шырокай падтрымкі. Да красавіка 2022 году блогер жыў у падпольлі ў Беларусі, пасьля перабраўся ў Польшчу. У канцы 2022 году далучыўся да палку Каліноўскага, але пакінуў абʼяднаньне ў лістападзе 2023-га. Згодна з апошнімі відэа блогера, сваю фракцыю ён набіраў праз абвестку на Youtube.
  • «Краіна для жыцьця» — 17 чалавек. Сьпіс узначальвае Віталь Савюк. Ён кіраўнік грамадзкага руху з такой жа назвай. Вядома, што Віталь Савюк сустрэў пачатак вайны ў Кіеве і дапамагаў тэрытарыяльнай абароне разам зь іншымі беларусамі.
  • «Моладзевы наступ» — 15 чалавек. Лідэр сьпісу — актывістка «Моладзевага блёку» Лізавета Пракопчык. «Моладзевы блёк» вядомы сваімі крэатыўнымі акцыямі ў Беларусі, удзельнічаў у парлямэнцкіх выбарах у 2019 годзе. Моладзевая фракцыя і раней прысутнічала ў КР.
  • «Наша справа» — 10 чалавек. Лідэр сьпісу — палітоляг Роза Турарбекава. Яна кандыдатка гістарычных навук, актыўна камэнтуе палітычныя падзеі ў Беларусі. У КР і раней прысутнічала фракцыя з такой назвай. Туды ўваходзілі хрысьціянскі дэмакрат Віталь Рымашэўскі, гісторык Павал Церашковіч, Аляксандар Паршанкоў. Вядома, што фракцыя выступае супраць «жалезнай заслоны» для беларусаў у Беларусі.
  • «Хопіць баяцца» — 14 чалавек. Лідэр сьпісу — блогерка Тацяна Мартынава. Блогерка займаецца беларускімі ініцыятывамі ў Кіеве, мае 51 тысячу падпісчыкаў на сваім канале. Разам з гасьцямі этэраў блогерка абмяркоўвае палітычныя і эканамічныя навіны ў Беларусі і вакол яе. У мінулым яна была фірмовым голасам «Радыё Бі-Эй».
  • «Голас дыяспар — адзінства па над межамі» — 13 чалавек. Лідэр сьпісу — Надзея Нортан, больш за 10 гадоў яна жыве ў ЗША. Надзея вучылася на гістфаку БДУ, пасьля скончыла магістратуру і асьпірантуру. Гэтая фракцыя прадстаўляе беларускія дыяспары ў розных краінах.

Іхныя праграмы апублікаваныя на старонцы.

Першапачаткова ў КР балятаваліся 13 фракцый. Фракцыю «За годнасьць беларусак» не зарэгістравалі ў выбарчай камісіі, бо адзін зь яе сябраў Яраслаў Грыгор’еў — не грамадзянін Беларусі, а калі яго выключылі, у сьпісе засталося 9 чалавек, а для ўдзелу трэба 10.

За дзень да выбараў выбарчая камісія прапанавала Аляксандру Азараву зьняць сваю кандыдатуру з выбараў у сувязі са скандалам з рассылкай агітацыйнай інфармацыі праз чат-бот пляну «Перамога» і грэбаваньнямі правіламі бясьпекі выбарнікаў. Пасьля таго, як Азараў адмовіўся здымаць сваю кандыдатуру, выбарчая камісія большасьцю галасоў вырашыла зьняць сьпіс «Закон і правапарадак» з удзелу ў выбарах.

Як будуць лічыць галасы

Зараз на 2-гадовы тэрмін будуць абіраць 80 чалавек. Выбары пройдуць па прапарцыйнай сыстэме і па сьпісах.

У кожнага выбарніка — адзін голас, які можна аддаць за адзін са сьпісаў. Колькасьць людзей са сьпісу, якія пасьля праходзяць у КР, прапарцыйная аддадзеным за сьпіс галасам. Чым вышэйшае імя ў сьпісе, тым большая верагоднасьць трапіць у склад КР. Таму найчасьцей наверх сьпіа ставяцца найбольш актыўныя і вядомыя людзі.

Абавязковы парог для ўсіх — 3% галасоў ад усіх выбарнікаў.

Таксама ёсьць гендэрныя квоты — 40% жанчын.

Калі будуць вядомыя вынікі

Галасаваньне працягнецца да 23:59 27 траўня, калі яго не працягнуць. Першыя вынікі выбараў павінны абвясьціць не пазьней за 29 траўня. На падачу і разгляд скаргаў закладзены пэрыяд з 29 траўня па 8 чэрвеня. А канчатковыя вынікі выбараў абвесьцяць 8 чэрвеня.

Першае паседжаньне Каардынацыйнай рады 3-га склiканьня адбудзецца 15 чэрвеня.

Крытыка і скандалы

За апошні месяц кампанія выбараў у КР выклікала шэраг скандалаў. Сярод іншага, для выбарнікаў стала нечаканасьцю, што некалькі апазыцыянэраў са сьпісаў у КР калісьці пісалі даносы ў КДБ ці ў свой час галасавалі за Лукашэнку. Абурэньне ў іншых выклікала, напрыклад, выказваньне кандыдата, які заявіў, што яму «не шкада» беларусаў, якія праводзяць на мяжы ў аўтамабілях і аўтобусах па некалькі дзён, каб трапіць у ЭЗ. За дзень да выбараў зьнялі выбарчы сьпіс «Закон і правапарадак» у сувязі са скандалам з рассылкай праз чат-бот пляну «Перамога».

Не засталіся бяз хвалі крытыкі і стваральнікі праграмы для галасаваньня, калі высьветлілася, што ўцекачы безь беларускіх пашпартоў на руках ня змогуць выбраць свайго кандыдата, паколькі ідэнтыфікаваць іх асобу з дакумэнтамі іншых краін будзе немагчыма.

Пры гэтым, паводле экспэртаў, заангажаванасьці ў выбарчы працэс вялікай часткі беларускага грамадзтва чакаць не прыходзіцца. «Ня думаю, што будуць сотні тысяч» галасаваць», — заявіў Павал Лібер. А аналітык Вадзім Мажэйка ўвогуле сумняваецца, што набяруцца «хаця б дзясяткі тысяч».

Перасьлед Каардынацыйнай рады

Улады Беларусі перасьледуюць сяброў Каардынацыйнай рады, распачатая крымінальная справа аб «закліках, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі». Сябры прэзыдыюму Марыя Калесьнікава і Максім Знак асуджаныя на 11 і 10 гадоў калёніі. Па беларускіх адрасах сотні чалавек, зьвязаных з Радай, прайшлі ператрусы.

Рэжым Лукашэнкі прызнаў усе выбарчыя сьпісы на выбарах у новы склад Каардынацыйнай рады «экстрэмісцкімі фармаваньнямі». 21 траўня Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы на 257 чалавек, якія выказалі жаданьне балятавацца ў Каардынацыйную раду.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG