Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праца зь юанем у рэгіёнах, камісія за рахункі ў далярах і эўра. Беларускія банкі паведамілі пра чарговыя новаўвядзеньні


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Шэраг банкаў, якія працуюць у Беларусі, паведаміў пра чарговыя новаўвядзеньні ў абслугоўваньні кліентаў, вынікае з праведзенага «Позіркам» аналізу іх прэс-рэлізаў.

«Банк РРБ» пачаў працаваць з кітайскім юанем ва ўсіх рэгіянальных аддзяленьнях. Раней кліенты маглі праводзіць плацяжы ў гэтай валюце толькі ў Менску.

«БНБ Банк» увёў камісію за працу з рахункамі ў далярах і эўра. Калі ў апошні працоўны дзень месяца сумарная рэшта па рахунках складае 20–30 тыс. даляраў (тут і далей у эквіваленце), то спаганяецца фіксаваная камісія — 400 беларускіх рублёў; 30–40 тыс. даляраў ― 750 рублёў; звыш 40 тыс. даляраў ― 0,2% сумы перавышэньня (мінімум 1.000 рублёў).

Банк «ВТБ (Беларусь)» часова перастаў прымаць дадатковыя ўнёскі на некаторыя раней адкрытыя тэрміновыя безадзыўныя ўклады ў юанях з тэрмінамі разьмяшчэньня звыш 2 гадоў. Кліенты могуць аформіць новыя дэпазыты ў гэтай валюце з магчымасьцю папаўненьня. Максымальная даходнасьць дасягаецца пры разьмяшчэньні сродкаў на тэрмін ад 549 дзён у рамках укладу «Мае ўмовы анлайн» пад 3,4% гадавых.

«Альфа Банк» зьмяніў умовы платы за працу з рахункамі ў далярах і эўра. Штомесячная ўзнагарода будзе спаганяцца за вядзеньне рахункаў з сумарным сярэднядзённым астаткам, які перавышае 330 тыс. беларускіх рублёў у эквіваленце (раней — 160 тыс. рублёў).

«МТБанк» пры рэгістрацыі ў мабільным сэрвісе Moby будзе бясплатна выпускаць новым кліентам віртуальную карту «Белкарт-Прэміум». Калі кліент захоча атрымаць выпушчаную віртуальную карту на фізычным носьбіце, гэта абыдзецца яму ў 12 рублёў.

«Технобанк» з 27 траўня будзе спаганяць камісію — 1% сумы (мінімальна 10 долараў) — за пераводы ў амэрыканскай валюце, якія паступілі праз карэспандэнцкія рахункі ў банках-нерэзідэнтах, на карысьць бэнэфіцыяраў, якія абслугоўваюцца ў банках-рэзыдэнтах (за выключэньнем пераводаў у «Прыёрбанк»). Тарыф за залічэньне эўра, якія паступілі праз рахункі ў банках-рэзыдэнтах, таксама складзе 1% сумы (не спаганяецца ў выпадку вяртаньня плацяжу, а таксама пры паступленьні сродкаў праз рахункі банкаў-рэзыдэнтаў з банкаў-нерэзыдэнтаў).

«Банк БелВЭБ» з 29 траўня часова ня будзе падаўжаць раней заключаныя безадзыўныя дэпазыты ў эўра з тэрмінамі разьмяшчэньня 7, 13 і 24 месяцы. Іншыя ўмовы па ўкладах не зьменяцца.

«Сбер Банк» з 1 ліпеня перастане аўтаматычна падаўжаць карткі, тэрмін дзеяньня якіх заканчваецца ў пэрыяд з 30 чэрвеня і пазьней (абазначэньне на карце з 06/24), калі апошнія 6 месяцаў (без уліку апошняга месяца дзеяньня карты) з імі не зьдзяйсьнялі ніякіх апэрацый. У гэты ж дзень спыніцца аўтаматычнае падаўжэньне ўсіх карт у замежнай валюце, тэрмін дзеяньня якіх заканчваецца ў пэрыяд з 30 чэрвеня і пазьней (06/24 і далей).

На 1 сакавіка 2024 года ў Беларусі зарэгістравана 22 банкі, адзін з іх, «Дэльта Банк», знаходзіцца ў стадыі банкруцтва.

Прыбытак банкаў за люты павялічыўся ў 2,1 раза і на 1 сакавіка 2024 года склаў 421,1 млн рублёў, сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз даных Нацыянальнага банка аб працы і ўстойлівасьці фінансава-крэдытных устаноў.

На 1 сакавіка 2023 года гэты паказчык быў роўны 417,4 млн рублёў (прырост год да года на 0,9%).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG