Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 22 траўня: на літоўскай мяжы затрымалі двух мужчын

абноўлена

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Сілавікі заявілі пра затрыманьне беларуса, які атрымаў агітацыйную рассылку праз чат-бот пляну «Перамога»

Праўладны тэлеграм-канал, блізкі да сілавікоў, апублікаваў відэа з затрыманым намесьнікам дырэктара «НТЦ Экспэрымэнтальных тэхналёгія».

На камэру мужчына кажа, што 21 траўня атрымаў паведамленьне ў чат-боце пляну «Перамога», а 22 траўня яго затрымалі.

Як сьцьвярджаюць аўтары канала, раніцай 22 траўня сілавікі прыйшлі да беларуса па справе аб «перакрыцьці дарог» падчас пратэстаў 2020 году і ён нібыта «мог бы абысьціся 2 гадамі „хатняй хіміі“ па артыкуле 342», але праз рэгістрацыю ў пляне «Перамога» яму цяпер дадаткова пагражае абвінавачаньне паводле арт. 361-1 КК «і ў сукупнасьці гадоў 5».

Каталіцкага сьвятара з Шуміліна Паўла Лемеха зноў асудзілі

Каталіцкага сьвятара з Шуміліна Паўла Лемеха ня выпусьцілі на волю пасьля 10 дзён арышту, 21 траўня яго зноў судзілі па новых абвінавачаньнях, паведамляе Katolik.life. Сутнасьць абвінавачаньняў па-ранейшаму невядомая, як і вынік суду: ні вернікам, ні духавенству нічога ня кажуць пра арыштаваных сьвятароў, піша рэсурс. У электронным раскладзе судоў працэс ня быў указаны.

Паўла Лемеха затрымалі разам зь іншым сьвятаром — Анджэем Юхневічам, які таксама служыць у Шуміліне. Юхневіча пакаралі 15 днямі арышту — гэты тэрмін заканчваецца 23 траўня. Акрамя таго, судзілі адну з прыхаджанак — яе аштрафавалі за падпіску на старонку, абвешчаную «экстрэмісцкай».

Раней грэка-каталіцкага сьвятара з Полацку пратрымалі ў турме 45 дзён — яго таксама судзілі некалькі разоў.

Затрымалі адміністратара тэлеграм-канала «Propovednik»

Мужчыну абвінавачваюць у «распальваньні нацыянальнай і сацыяльнай нянавісьці, закліках да гвалту, выступах за радыкалізацыю і тэрарызм», піша «Вясна» з спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы.

Паведамляецца, што завялі шэраг крымінальных спраў, затрыманаму пагражаюць 10 гадамі зьняволеньня.

У тэлеграм-канале «Propovednik» усяго 117 падпісчыкаў, а яго мэтамі названыя «адыход ад уплыву фашысцкай Расеі і вызваленьне Беларусі ад дыктатуры, у тым ліку і Ціханоўскай дыктатуры».

Двух мужчын затрымалі на літоўскай мяжы

На беларуска-літоўскай мяжы затрымалі двух беларусаў: адзін зь іх спрабаваў уцячы ад крымінальнага перасьледу, сьцьвярджаюць сілавікі.

На відэа сілавікоў адзін з мужчынаў, якога завуць Аляксандар Судняковіч, кажа, што на яго завялі крымінальную справу за тое, што ў 2021 годзе ён ухваляў забойства працаўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка, якое адбылося падчас захопу кватэры праграміста Андрэя Зельцара.

Другі затрыманы, якога завуць Андрэй Пупкевіч, дапамагаў Судняковічу дабрацца да мяжы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG