Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 21 траўня: крымінальная справа за пост у Instagram пра Лукашэнку; сямейную пару асудзілі за ўдзел у пратэстах 2020 году

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

На берасьцейца завялі крымінальную справу за пост пра Лукашэнку

На 35-гадовага жыхара Берасьця завялі крымінальную справу нібыта за «паклёп» на Лукашэнку ў пасьце ў ягоным акаўнце ў Instagram. Пра гэта піша прэсавая служба пракуратуры Беларусі.

Берасьцейца затрымалі і зьмясьцілі пад варту, справу расьсьледуе Берасьцейскі міжраённы аддзел СК. Паводле якога менавіта артыкулу ён затрыманы, не паведамляецца, але, падобна, гаворка ідзе пра артыкул аб паклёпе на Лукашэнку (367 КК).

Як піша пракуратура, сёлета берасьцейца ўжо некалькі разоў судзілі паводле артыкулу аб распаўсюджваньні так званых «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

Жыхара Рэчыцы затрымалі за камэнтары пра міліцыянтаў і расейцаў

Праўладны тэлеграм-канал, блізкі да сілавікоў, апублікаваў відэа з затрыманым жыхаром Рэчыцы, заўважыла «Медиазона».

На камэру мужчына кажа, што прычынай затрыманьня сталі ягоныя камэнтары ў тэлеграме: пра міліцыянтаў, а таксама пра грамадзянаў і вайскоўцаў Расеі.

Як пішуць аўтары канала, затрыманы працаваў на заводзе па вытворчасьці цьвікоў, на яго нібыта завялі адразу некалькі крымінальных спраў.

Сямейную пару асудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах 2020 году

Сяргея Данчанку і ягоную жонку Дыяну асудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі» паводле абвінавачаньня ў грубым парушэньні грамадзкага парадку (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі), паведамляе «Вясна».

Паседжаньне адбылося 23 красавіка. Справу разглядзела судзьдзя Настасься Ачалава. Паводле «Вясны», мужа і жонку судзілі за ўдзел у пратэстах 20 жніўня і 20 верасьня 20220 году.

Да абвяшчэньня прысуду пара была дома пад закладам — у памеры 20 тысяч рублёў кожны.

Дыяна Данчанка знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, удакладняюць праваабаронцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG