Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік вайсковай контравыведкі Польшчы ўзначаліць камісію па расьсьледаваньні беларускага і расейскага ўплыву


Прэзыдэнцкі палац у Варшаве, Польшча. Ілюстрацыйнае фота
Прэзыдэнцкі палац у Варшаве, Польшча. Ілюстрацыйнае фота

Кіраўнік службы контравыведкі Польшчы генэрал Яраслаў Стружык узначаліць камісію для расьсьледаваньня расейскага і беларускага ўплыву ў пэрыяд з 2004 да 2024 году, заявіў 21 траўня прэм’ер-міністар краіны Дональд Туск.

Як адзначыў Дональд Туск, Стружык «у сваёй багатай кар’еры быў вайсковым дыпляматам, военачальнікам, намесьнікам кіраўніка выведкі NATO, а таксама навукоўцам», цытуе яго польскае выданьне wyborcza.pl.

Склад камісіі пакуль ня вызначаны. Мяркуецца, што ў яе ўвойдуць ад 9 да 13 чалавек з польскіх міністэрстваў нацыянальнай абароны, замежных спраў, лічбавых спраў, фінансаў, дзяржаўных актываў, а таксама культуры і нацыянальнай спадчыны, бо, як адзначыў Туск, камісія «павінна вывучыць магчымы ўплыў на СМІ».

Туск адзначыў, што будзе чакаць першай справаздачы камісіі пасьля чэрвеньскіх выбараў у Эўрапарлямэнт, каб «ня зьмешваць працу камісіі зь перадвыбарнай кампаніяй».

Пра падрыхтоўку законапраекту аб стварэньні канстытуцыйнай камісіі па расьсьледаваньні ўплыву Беларусі і Расеі Туск заявіў 10 траўня.

  • Камісія па расьсьледаваньні расейскага ўплыву афіцыйна была створаная ў Польшчы з ініцыятывы былой кіроўнай партыі «Закон і справядлівасьць» у 2023 годзе. Пасьля таго як 29 лістапада 2023 году камісія прадставіла частковую справаздачу, у якой рэкамэндавала не давяраць дзяржаўныя пасады, сярод іншага, цяперашнім прэм’еру Польшчы Туску і кіраўніку МУС Томашу Семаняку — палітычным праціўнікам кіроўнай на той момант партыі, Сэйм Польшчы распусьціў камісію.
  • Тэму расейскага і беларускага ўплыву пачалі зноў абмяркоўваць у Польшчы, калі ў Беларусь уцёк былы польскі судзьдзя Томаш Шмыт.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG