У горадзе Тэбрыз у аўторак пачалася пахавальная цырымонія памяці Раісі і іншых ахвяр крушэньня верталёта, якое адбылося 19 траўня. Затым целы будуць дастаўлены ў Тэгеран, дзе пройдзе галоўная цырымонія разьвітаньня, якую ўзначаліць Вярхоўны лідэр Ірана аятала Алі Хамэнэі.
У чацьвер увечары Ібрагіма Раісі пахаваюць у горадзе Мэшхэд на паўночным усходзе краіны, дзе ён нарадзіўся.
Тым часам улады Ірану абвясьцілі, што прэзыдэнцкія выбары ў краіне пройдуць 28 чэрвеня, паведамляюць дзяржаўныя СМІ.
Да выбараў у адпаведнасьці з артыкулам 131 Канстытуцыі Ірана паўнамоцтвы прэзыдэнта пераходзяць да першага намесьніка. З 2021 года гэтую пасаду займае Мухамэд Махбір.
Начальнік Генштабу Ўзброеных сіл Ірану Мухамад-Бакер Калібаф распарадзіўся правесьці расьсьледаваньне прычын крушэньня верталёта, паведамляе іранскае інфармагенцтва ISNA.
Верталёт, на борце якога быў Раісі, а таксама міністар замежных спраў Хусэйн Амір-Абдулах’ян і яшчэ шэсьць чалавек, прапаў у правінцыі Ўсходні Азэрбайджан на паўночным захадзе Ірану вечарам 19 траўня. Іранская дэлегацыя вярталася з Азэрбайджану, дзе Раісі і прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў адкрылі дамбу на рацэ Аракс на мяжы дзьвюх краін. Усяго ў картэжы іранскага прэзыдэнта было тры верталёты, два зь іх прызямліліся добра.
Агенцтва IRNA, тым часам, піша, што верталёт мог разьбіцца праз тэхнічную няспраўнасьць. Іран знаходзіцца пад жорсткімі міжнароднымі санкцыямі, якія ў тым ліку забараняюць пастаўкі ў краіну заходняй авіятэхнікі. Верталёт Bell, на якім разьбіўся прэзыдэнт, пэўна, быў набыты ў абыход санкцыйнага рэжыму і ня мог праходзіць паўнавартасны аўтарызаваны тэхнічны кантроль.
Раней іранскія СМІ называлі ў ліку магчымых прычын катастрофы складаныя ўмовы надворʼя — у раёне крушэньня быў моцны туман.
Раісі было 63 гады. Ён заняў пасаду прэзыдэнта Ірана ў 2021 годзе. Раней ён быў генэральным пракурорам і часткай судовай улады ісламскай рэспублікі. Ён лічыцца прыхільнікам жорсткай лініі ў супрацьстаяньні з ЗША і Ізраілем. Некаторыя аналітыкі меркавалі, што Раісі павінен быў стаць пераемнікам 85-гадовага Вярхоўнага лідэра Ірана аяталы Алі Хамэнэі.
Форум