Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На фоне разгрому няўрадавых арганізацый ў Беларусі стварылі новы вайскова-патрыятычны фонд


Вынас кампутараў зь сядзібы БАЖ у Менску, 2021. Арганізацыю пазьней ліквідавалі
Вынас кампутараў зь сядзібы БАЖ у Менску, 2021. Арганізацыю пазьней ліквідавалі

Пра стварэньне дабрачыннага фонду «Маладая гвардыя», які будзе прыцягваць сродкі для вайскова-патрыятычных клюбаў, паведаміла 19 траўня прэс-служба ўнутраных войскаў МУС.

Намесьнік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў заявіў, што «ўтварэньне фонду — гэта магчымасьць прыцягненьня сродкаў для разьвіцьця вайскова-патрыятычнага руху і аказаньня дапамогі тым, каму яна патрэбная».

Дырэктарам дабрачыннага фонду прызначаная праўладны палітоляг, аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Ала Веруш. Паводле яе слоў, задача фонду палягае ў «дабрачыннай дапамозе ў разьвіцьці вайскова-патрыятычных клюбаў унутраных войскаў».

«Яшчэ адзін яго вэктар — папулярызацыя дадзенага кірунку. Мы выгадавалі новае пакаленьне маладых беларусаў, таму ня можам іх страціць. Фонд будзе дапамагаць разьвіцьцю ўжо іхных ініцыятыў, накіраваных на карысьць Радзімы», — сказала Веруш.

Пра адкрыцьцё фонду было абвешчана ў менскай вайсковай часьці 3214. Удзельнікі вайскова-патрыятычных клюбаў «прадэманстравалі на вялікай колькасьці навучальных пунктаў, чаму навучыліся: зборка/разборка аўтамата, наладоўваньне магазына, стральба з розных відаў зброі з розных палажэньняў, скалалажаньне, рукапашны бой, аказаньне сама- і ўзаемадапамогі, кіраваньне БЛА і FPV-дронамі, мадэляваньне і робататэхніка».

Фонд будзе займацца падтрымкай вайскова-патрыятычных клюбаў усёй краіны. Цяпер у Беларусі іх 18, яны маюць больш за 2 тысячы выхаванцаў, паведамляюць дзяржаўныя СМІ.

У апякунскую раду фонду ўвайшлі «прадстаўнікі сілавога блёку, мас-мэдыя, бізнэсу». Заяўлена, што фонд таксама будзе ўдзельнічаць у арганізацыі і правядзеньні «дабрачынных акцый, сэмінараў, конкурсаў і іншых асьветніцкіх і спартыўных акцый для выхаванцаў клюбаў».

Пасьля падзеяў 2020 году ў Беларусі масава ліквідуюцца некамэрцыйныя і грамадзкія арганізацыі і фонды.

Як паведамляў на пасяджэньні падагульняючай калегіі Мінʼюсту 9 лютага ў Менску намесьнік кіраўніка ведамства Алег Кот, у 2023 годзе Міністэрства юстыцыі правяло «кантрольныя мерапрыемствы» ў дачыненьні больш як да тысячы грамадзкіх абʼяднаньняў.

«Пісьмовыя папярэджаньні вынесеныя ў дачыненьні да 410 некамэрцыйных арганізацый, — сказаў чыноўнік. — На падставе пазоўных заяў Міністэрства юстыцыі, пададзеных у суды, ліквідавана 11 палітычных партый, 107 грамадзкіх абʼяднаньняў, 2 фонды».

У апублікаваным 7 траўня аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца красавіка 2024-га ў Беларусі ліквідавана ня менш за 1622 некамэрцыйныя арганізацыі. У працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася ня менш за 1003 НКА, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі сама меней 619.

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод зьліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

2024 год. У апублікаваным 7 траўня аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца красавіка 2024-га ўлады Беларусі зьліквідавалі ня менш за 1622 некамэрцыйныя арганізацыі. У працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася ня менш за 1003 НКА, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі сама меней 619.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG