Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары Алімпіяды ў Парыжы скасоўваюць запрашэньні беларускім і расейскім валянтэрам


Талісманы Алімпіяды ў Парыжы. Ілюстрацыйнае фота
Талісманы Алімпіяды ў Парыжы. Ілюстрацыйнае фота

У лістах маладым людзям паведамляюць, што тыя не прайшлі праверку.

Дзевятнаццацігадовы беларус Дзьмітры Шаляпін, які вучыцца ў парыскай Сарбоне, гадамі марыў стаць алімпійскім валянтэрам. Калі на гэтым тыдні атрымаў ліст ад арганізатараў, не адразу зразумеў, што гэта значыць, піша агенцтва AFP.

«Вы разумееце, што нас выганяюць з Алімпіяды?» — сказаў яму калега-валянтэр. Шаляпін сказаў, што плакаў, калі гэтая навіна стала вядомай.

«Яны абыходзяцца з намі, як з тэрарыстамі», — сказаў ён.

Таксама арганізатары адмовілі 45-гадовай жанчыне, якая ўцякла з Расеі пасьля пачатку вайны і падала заяву на палітычны прытулак у Францыі. Яна заяўляе, што разарвала ўсе сувязі з Расеяй, а цяперашняя адмова ад ейных валянтэрскіх паслуг можа паслужыць пуцінскай прапагандзе.

Алімпіяда ў Парыжы адбудзецца падчас вайны Расеі супраць Украіны. Расейскія і беларускія спартоўцы могуць выступаць толькі як нэўтральныя ўдзельнікі. Францускія спэцслужбы асьцерагаюцца, што Масква паспрабуе сарваць Гульні.

Усяго 45 тысяч чалавек адабралі ў якасьці валянтэраў на Алімпіяду, якая пройдзе ў сталіцы Францыі 26 ліпеня – 11 жніўня. Затым валянтэры будуць працаваць падчас Паралімпіяды 28 жніўня – 8 верасьня.

У сакавіку міністар унутраных спраў Францыі Жэральд Дарманэн заявіў, што «мы абсалютна ўсіх правяраем», дадаўшы, што каля 800 чалавек, якія «ня мелі добрых намераў», ужо былі выключаныя са сьпісаў.

У МУС Францыі ад камэнтароў адмовіліся.

У сьнежні 2023 году МАК пастанавіў, што атлеты зь Беларусі і Расеі, якія выступаюць у індывідуальных відах спорту, змогуць удзельнічаць у Гульнях у Парыжы 2024 году ў нэўтральным статусе. Гэта азначае, што такія спартоўцы будуць выступаць пад алімпійскім, а не дзяржаўным, сьцягам і ў выпадку іх перамогі гімн ня будзе гучаць. Міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба заклікаў усіх партнэраў рашуча асудзіць такое рашэньне МАК.

У сакавіку СМІ са спасылкай на віцэ-прэзыдэнта Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) Джона Коўтса паведамлялі, што агульная колькасьць расейскіх спартоўцаў на летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы сёлета можа скласьці каля 40 чалавек. Што тычыцца беларусаў, то ў іх ужо ёсьць 20 ліцэнзій.

Алімпіяда-2024 пройдзе ў Парыжы з 26 ліпеня па 11 жніўня. Паралімпіяда пачнецца 28 жніўня і завершыцца 8 верасьня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG