Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз: ухваленьне закону «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву» нэгатыўна паўплывае на эўраінтэграцыю Грузіі


Сьцягі Эўразьвязу і Грузіі. Ілюстрацыйнае фота
Сьцягі Эўразьвязу і Грузіі. Ілюстрацыйнае фота

«Запалохваньне, пагрозы і фізычны гвалт супраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, палітычных лідэраў і журналістаў, а таксама членаў іх сямей непрымальныя. Мы заклікаем улады Грузіі расьсьледаваць гэтыя задакумэнтаваныя дзеяньні», — адзначаецца ў заяве.

Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Эўразьвязу Жузэп Бурэль і эўракамісар у пытаньнях эўрапейскай палітыкі суседзтва і расшырэньня Олівэр Вархэі заявілі аб нэгатыўным уплыве ўхваленьня закону «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву» на працэс эўраінтэграцыі Грузіі.

«Выбар далейшага шляху знаходзіцца ў руках Грузіі. Мы заклікаем улады Грузіі скасаваць закон, падтрымаць сваю прыхільнасьць шляху ў Эўразьвяз і прасоўваць неабходныя рэформы, падрабязна вызначаныя ў „дзевяці кроках“», — адзначаецца ў заяве.

Прадстаўнікі Эўразьвязу заявілі аб гатоўнасьці «падтрымаць грузінаў, якія імкнуцца ў эўрапейскую будучыню».

«ЭЗ падтрымлівае грузінскі народ і ягоны выбар на карысьць дэмакратыі і эўрапейскай будучыні Грузіі. Запалохваньне, пагрозы і фізычны гвалт супраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, палітычных лідэраў і журналістаў, а таксама членаў іхных сем'яў непрымальныя. Мы заклікаем улады Грузіі расьсьледаваць гэтыя задакумэнтаваныя дзеяньні», — адзначаецца ў заяве.

Жузэп Бурэль і Олівэр Вархэі нагадалі, што Эўрапейская рада надала Грузіі статус кандыдата на ўступленьне ў Эўразьвяз з умовай выкананьня «дзевяці крокаў», вызначаных у рэкамэндацыях Эўракамісіі ад 8 лістапада 2023 году.

«Гэтыя крокі патрабуюць абароны правоў чалавека і забесьпячэньня свабоды дзейнасьці грамадзянскай супольнасьці і сродкаў масавай інфармацыі. Яны таксама сьведчаць аб неабходнасьці дэпалярызацыі і барацьбы з дэзынфармацыяй», — падкрэсьлілі прадстаўнік Эўразьвязу.

Паводле іх, ухвалены закон «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву» не адпавядае асноўным нормам і каштоўнасьцям ЭЗ.

«Гэта падарве дзейнасьць грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ, у той час як свабода аб’яднаньняў і свабода выказваньня думак зьяўляюцца фундамэнтальнымі права, якія ляжаць у аснове абавязаньняў Грузіі ў межах дамовы аб асацыяцыі з ЭЗ», — адзначаецца ў заяве.

Што папярэднічала

  • 14 траўня парлямэнт Грузіі ў трэцім, канчатковым чытаньні зацьвердзіў так званы закон аб «іншаземных агентах». За зацьвярджэньне скандальнай ініцыятывы «Грузінскай мары» прагаласавалі 84 дэпутаты — нягледзячы на пратэсты дзясяткаў тысяч грамадзян краіны, якія выходзяць на акцыі, і крытыку міжнародных партнэраў Грузіі. 30 апазыцыянэраў прагаласавалі супраць.
  • Закон, прыняты парлямэнтам, у 10-дзённы тэрмін перададуць прэзыдэнту Грузіі. Саламэ Зурабішвілі раней паабяцала, што накладзе вэта на законапраект.
  • Згодна з Канстытуцыяй Грузіі, прэзыдэнт у 2-тыднёвы тэрмін падпісвае і публікуе закон або з матываванымі заўвагамі вяртае яго ў парлямэнт. У «Грузінскай мары» ёсьць дастаткова галасоў, каб пераадолець вэта. Калі і пасьля гэтага прэзыдэнт не падпіша закон, яго падпісвае і публікуе старшыня парлямэнту. Як мяркуецца, «Мара» можа канчаткова зацьвердзіць закон у сярэдзіне чэрвеня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG