Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы заявілі аб працягу «інтэнсіўных рэпрэсій» у красавіку


Суд у Менску, архіўнае фота
Суд у Менску, архіўнае фота

161 беларуса асудзілі ў красавіку па палітычных артыкулах, адзін палітвязень не дажыў да суду.

Статыстыку судоў сабраў праваабарончы цэнтар «Вясна». Паводле праваабаронцаў, сярод асуджаных 50 жанчын. Адзін чалавек не дажыў да суду. Гэта былы вайсковец зь Берасьця Аляксандар Кулініч, які памёр за кратамі за тыдзень да пачатку судовага працэсу.

У Менску з палітычных матываў асудзілі 83 чалавек, сярод абласьцей найбольш такіх выракаў было ў Берасьцейскай вобласьці, дзе ў красавіку асудзілі па палітычных артыкулах 36 чалавек. Да параўнаньня, у Віцебскай вобласьці — толькі два чалавекі зазналі суд з палітычных прычын.

Паводле праваабаронцаў, у структуры рэпрэсій па-ранейшаму першае месца займае гэтак званы «народны артыкул» — 342, «актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». За такія дзеяньні, зьдзейсьненыя яшчэ ў 2020 годзе, у красавіку 2024 году асудзілі 102 чалавек.

Прыкметай месяца стала вялікая колькасьць завочных судоў — паводле гэтай працэдуры было асуджана 8 чалавек. Іншая адметнасьць — паўторныя рэпрэсіі былых палітвязьняў. Паўторна былі асуджаныя тры чалавекі, у тым ліку Аляксандар Жук зь Берасьця, якога судзілі па эпізодзе, што адбыўся за месяц да эпізоду зь першай крымінальнай справы актывіста.

На падставе праведзенага маніторынгу праваабаронцы «Вясны» прыйшлі да высновы, што тэндэнцыя інтэнсіўнага правядзеньня судовых працэсаў па палітычна матываваных крымінальных справах, зафіксаваная раней, у красавіку захавалася.

У сакавіку па крымінальных палітычных справах асудзілі мінімум 165 чалавек. Гэта толькі працэсы, пра якія вядома праваабаронцам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG