Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сакавіку перасьледавалі паводле палітычна матываваных крымінальных спраў цэлыя сем’і — «Вясна»


Ілюстрацыйнае фота. Палітвязень Юры Савіцкі ў судзе, Менск, 21 студзеня 2021 году.
Ілюстрацыйнае фота. Палітвязень Юры Савіцкі ў судзе, Менск, 21 студзеня 2021 году.

У сакавіку зафіксавана павелічэньне інтэнсіўнасьці судовых разглядаў палітычна матываваных крымінальных спраў, вынікае са справаздачы праваабарончага цэнтру «Вясна».

Паводле зьвестак праваабаронцаў, у сакавіку ў крымінальным парадку паводле такіх матываў маглі быць асуджаныя ня менш за 165 чалавек (48 жанчын, 117 мужчын).

Працягваюцца масавыя суды за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе: мінімум 85 чалавек у мінулым месяцы былі асуджаныя паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). На момант публікацыі вядома пра 25 прысудаў.

Гомельская і Берасьцейская вобласьці апынуліся ў лідэрах па крымінальных судах: там судзілі 24 і 20 чалавек адпаведна. У Горадзенскай вобласьці — 11 чалавек, Магілёўскай — 10, Менскай — 4, Віцебскай — 4, у Менску — 92.

У сакавіку «адбыўся ўсплёск паведамленьняў афіцыйных рэсурсаў Сьледчага камітэту аб тым, што ў дачыненьні да эмігрантаў, вымушаных пакінуць Беларусь праз рызыку палітычнага перасьледу, распачатыя справы ў рамках спэцыяльнага вядзеньня». Паводле шэрагу спраў прадстаўнікі сілавых органаў праводзілі ператрусы па месцы рэгістрацыі.

Адзін з найбольш істотных рэпрэсіўных інструмэнтаў з боку ўладаў — крымінальны перасьлед з палітычных матываў цэлых сем’яў і груп сваякоў, кажуць праваабаронцы.

У сакавіку, гаворыцца ў справаздачы, у судовым парадку паводле арт. 342 КК у Менску перасьледаваліся ня менш за дзесяць сямей.

Другой адметнай асаблівасьцю перасьледу стаў разгляд судовай сыстэмай крымінальных спраў паводле артыкула, які прадугледжвае адказнасьць за «фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці». У сакавіку праваабаронцы зафіксавалі ня менш за шэсьць такіх выпадкаў.

Праваабаронцам за месяц стала вядома пра шэсьць выпадкаў, калі супраць раней асуджаных беларусаў ужылі дадатковы крымінальны перасьлед. У пераважнай большасьці выпадкаў грамадзян судзілі па больш цяжкіх артыкулах, чым першы раз.

Паводле справаздачы, на канец сакавіка ў Беларусі ў месцах пазбаўленьня волі знаходзіліся 1402 палітвязьні, зь іх 171 жанчына.

У сакавіку «Вясьне» стала вядома ня менш як пра 453 выпадкі рэпрэсій (судоў і затрыманьняў), «зьвязаных з крымінальным і адміністрацыйным перасьледам, у тым ліку ня менш за 416 выпадкаў палітычна матываванага адміністрацыйнага разгляду ў судзе». Судзьдзямі прызначана ня менш за 82 адміністрацыйныя арышты, 86 штрафаў, адзін раз — грамадзкія працы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG