Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін зьняў Шайгу з пасады міністра абароны Расеі і прызначыў сакратаром Савету бясьпекі


Сяргей Шайгу, міністар абароны Расеі з 2012 па 2024 год
Сяргей Шайгу, міністар абароны Расеі з 2012 па 2024 год

Уладзімір Пуцін прапанаваў прызначыць новага міністра абароны Расеі замест дзейнага кіраўніка ведамства Сяргея Шайгу. На гэтую пасаду Пуцін прапанаваў прызначыць былога першага віцэ-прэм'ера Андрэя Белавусава.

Як паведамляе ТАСС, Сяргей Шайгу будзе прызначаны сакратаром расейскага Савету бяспекі замест Мікалая Патрушава. Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў сказаў, што Патрушава цягам некалькіх дзён прызначаць на іншую пасаду.

Шайгу адзіны міністар з так званага сілавога блока, якога кіраўнік Расеі не прапанаваў зноў прызначаць на пасаду. Шайгу быў міністрам абароны Расеі з 2012 году.

Агулам Шайгу займаў міністэрскія пасады ў Расеі з 1991 году, зь перапынкам на паўгоду ў 2012 годзе, калі яго прызначалі губэрнатарам Маскоўскай вобласьці.

Палітык лічыцца блізкім да Пуціна, зь ім яны разам палявалі і адпачывалі на прыродзе. Ён адзін са стваральнікаў партыі «Единая Россия», асноўнай прапуцінскай партыі ў расейскім парлямэнце. Аднак яго рэзка крытыкавалі праўладныя актывісты і блогеры за ваенныя няўдачы Расеі падчас яе ўварваньня ва Ўкраіну.

Нядаўна быў арыштаваны намесьнік Шайгу Цімур Іваноў, яго абвінавачваюць у атрыманьні хабару ў памеры мільярда расейскіх рублёў (больш за 5 мільёнаў даляраў).

Андрэя Белавусава, прапанаванага Пуціным на пасаду міністра абароны, называлі куратарам эканамічнага блёку ва ўрадзе. Расейскія СМІ паведамлялі пра ягоныя канфлікты з эканамічнымі міністэрствамі і Цэнтральным банкам: ён, як сьцьвярджаецца, выступаў за большы ўдзел дзяржавы ў эканоміцы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG