Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эмір Кувэйта распусьціў парлямэнт і заявіў аб пераглядзе дэмакратыі


Мішааль аль-Ахмэд аль-Джабэр ас-Сабах
Мішааль аль-Ахмэд аль-Джабэр ас-Сабах

Эмір Кувэйта Мішааль аль-Ахмэд аль-Джабэр ас-Сабах распусьціў парлямэнт і заявіў аб чатырохгадовым пераходным пэрыядзе, на працягу якога перагледзяць «усе аспэкты дэмакратычнага працэсу» ў краіне.

«Я не дазволю выкарыстоўваць дэмакратыю для разбурэньня дзяржавы», – заявіў эмір. Ён таксама прыпыніў дзеяньне некалькіх артыкулаў Канстытуцыі. На час пераходнага пэрыяду эмір і кабінэт міністраў возьмуць на сябе заканадаўчыя паўнамоцтвы парлямэнта.

Эмір абвінаваціў нейкіх дэпутатаў у «выхадзе за рамкі» і «ўмяшаньні ў паўнамоцтвы эміра па яго выбары кронпрынца». Імёнаў ён не назваў. Кронпрынца – звычайна наступнага кіраўніка Кувэйта – павінен прызначыць дзеючы эмір. Па законе пасад пераходзіць да насьледнага прынца аўтаматычна пасьля сьмерці эміра, але спадчыньніка павінен зацьвердзіць парлямэнт.

Сам шэйх Мішааль, якому зараз 83 гады, стаў эмірам у сьнежні 2023 года пасьля сьмерці свайго 86-гадовага брата. Распушчаны зараз парлямэнт быў абраны ў красавіку і нават яшчэ не пачаў працу, адзначае The New York Times. Парлямэнт у Кувэйце значна больш уплывовы, чым у суседніх манархіях, у якіх ён мае хутчэй сымбалічнае значэньне. У ліку іншага дэпутаты могуць публічна дапытваць чальцоў урада і ўплываць на дзяржаўны бюджэт.

«Прыпыненьне працы парлямэнта пагражае ператварыць Кувэйт у такую ж аўтарытарную краіну, як і іншыя манархіі Пэрсыдзкай затокі», – лічыць прафэсар паліталёгіі з Унівэрсытэта Джорджыі Майкл Хэрб.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG