Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская прапанавала Гарвардзкаму ўнівэрсытэту адкрыць праграму па вывучэньні Беларусі


Сьвятлана Ціханоўская. Ілюстрацыйнае фота
Сьвятлана Ціханоўская. Ілюстрацыйнае фота

Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская прапанавала арганізаваць праграму па вывучэньні Беларусі ў Гарвардзкім унівэрсытэце (ЗША) — адной з самых прэстыжных вышэйшых навучальных устаноў сьвету.

Як паведаміў «Позірку» галоўны дарадца палітыка Франак Вячорка, з адпаведнай ініцыятывай яна выступіла ў відэазвароце да ўдзельнікаў дыскусіі «Другая анэксія: паступовае паглынаньне Беларусі Расеяй», якая прайшла 9 траўня ў цэнтры расейскіх і эўразійскіх дасьледаваньняў імя Дэвіса згаданай ВНУ.

Паводле слоў Ціханоўскай, постсавецкі рэгіён «часта разглядаецца праз прызму інтарэсаў Крамля». «Дакладнае разуменьне нашых каштоўнасьцяў, культуры, нацыянальных прыярытэтаў пайшло б на карысьць прыняцьцю рашэньняў і доўгатэрміновым адносінам ЗША з Беларусьсю», — сказала лідэрка.

Яна падкрэсьліла недапушчальнасьць успрыняцьця Беларусі як «дзяржавы — спадарожніка Расеі».

Ціханоўская заявіла пра важнасць прызнаныя дэмакратычных сіл у якасьці «легітымнай палітычнай сілы», а таксама пра неабходнасьць «сумесных дзеяньняў па аднаўленьні дэмакратыі ў Беларусі», што павінна захаваць незалежнасьць краіны.

Акрамя гэтага, палітык выступіла за прыцягненьне РФ да адказнасьці «за незаконныя дзеяньні па паглынаньні Беларусі» і адмову ад прызнаньня пагадненьняў, падпісаных «нелегітымным дыктатарам Лукашэнкам з Крамлём пасьля 2020 года».

Вячорка адзначыў, што ў арганізаванай у Гарвардзкім унівэрсытэце дыскусіі прынялі ўдзел намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэта, прадстаўнік па замежных справах Валерый Кавалеўскі, намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Крыстафэр Сміт, былы амбасадар ЗША ў Беларусі (2003–2006) Джордж Альберт Крол і асацыяваная прафэсарка паліталёгіі ва ўнівэрсытэце Тафтса (ЗША) Аксана Шэвель.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG